Віцебская школьніца перамагла на рэспубліканскай алімпіядзе па фінансавай пісьменнасці
Заключны этап спаборніцтва праходзіў 16 снежня ў Мінску, у Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь. Віцебшчыну прадстаўлялі лідары абласнога этапу — Нінель Ціханава, Аляксей Кацура і Марыя Садоўнікава. А ўсяго пазмагацца за галоўны прыз з розных абласцей краіны ў сталіцу прыехаў 21 школьнік.
Каб прэтэндаваць на перамогу, дзецям трэба было ведаць, што такое факторынг, колькі разоў у Беларусі праводзілася дэнамінацыя, які дэпазіт лепш выбраць інвестару і многае іншае, у чым нават дарослыя не заўсёды дасканала разбіраюцца. Але хлопчыкі і дзяўчынкі, якія да таго часу паспяхова справіліся з заданнямі першых тураў алімпіяды, і ў фінале не збаяліся.
А найлепшыя вынікі прадэманстравала вучаніца віцебскай СШ №14 Нінель Ціханава. Намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Дзмітрый Калечыц уручыў пераможцы не толькі дыплом і кубак, але і каштоўны прыз — планшэт.
Другое і трэцяе месцы
на рэспубліканскай алімпіядзе па фінансавай пісьменнасці занялі адпаведна школьнікі з Барані і Валожына.Лілія Іўчанка. «Віцебскія весці».