«Віцебская сняжынка-2017» збярэ танцораў з 22 краін свету

Прадстаўнікі 22 краін прымуць удзел у Міжнародным турніры па спартыўных бальных танцах "Віцебская сняжынка-2017".


Конкурс пройдзе ў абласным цэнтры 21 – 22 студзеня. Дарэчы, «Віцебская сняжынка» – найстарэйшы танцавальны турнір Беларусі, сёлета яму будзе 32 гады. За мінулы час на сцэне Залы канцэртаў «Віцебск» выступалі пары з розных куткоў планеты, на гэты раз да нас упершыню прыедуць спартсмены з Філіпін і Швейцарыі.

 Такі вялікі інтарэс з боку замежнікаў выкліканы тым, што спаборніцтвы праходзяць пад эгідай WDSF (World Dance Sport Federation), гэта значыць ачкі, заробленыя парамі ў Віцебску, залічваюцца ў іх сусветны рэйтынг.

У першы дзень удзельнікі будуць спаборнічаць у лацінаамерыканскіх танцах, у другі – у еўрапейскіх. Дзеці ва ўзросце да 11 гадоў прадставяць камбінаваную праграму. Арганізатары турніру абяцаюць захапляльнае відовішча і шмат прыемных сюрпрызаў.

Таццяна Пастэрнак, «Віцебскія весці».