Віцебская студэнтка перамагла ў беларускім туры конкурсу "Каралева Вясна - 2015"

Витебская студентка победила в белорусском туре конкурса "Королева Весна - 2015"

Студэнтка чацвёртага курса Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Святлана Гарбачова перамагла ў беларускім туры ХХIV Міжнароднага міжвузаўскага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства "Каралева Вясна". Фінал спаборніцтва прайшоў 29 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Святлана Гарбачова вучыцца на канструктарска-тэхналагічным факультэце ВДТУ. Яна - будучы эксперт тавараў. Дзяўчына ўжо не раз атрымлівала кароны і тытулы ў конкурсах прыгажосці. У яе скарбонцы - перамогі ў "Міс Дажынкі-2013", "Міс універсітэт - 2015" (сярод студэнтак роднай ВНУ), званне першай віцэ-міс на "Міс Віцебск - 2013".

Званне першай віцэ-міс - у Веранікі Ахрамовіч, студэнткі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Другая віцэ-міс - Анастасія Пестерева з Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. Тытул трэцяй віцэ-міс дастаўся Аляксандры Дарош, студэнтцы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Варта адзначыць, што "Каралевай Вясной - 2014" стала таксама віцебская студэнтка - Ганна Мядзялец. Яна прадстаўляла гэты ж ВНУ, што і цяперашняя пераможца, - Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт.

У цяперашнім конкурсе ўдзельнічалі больш за 50 дзяўчат з 30 устаноў вышэйшай адукацыі краіны.

Арганізатары конкурсу - грамадскае аб'яднанне "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" і агульнарасійская грамадская арганізацыя "Расійскі саюз моладзі".