Студэнтка з Віцебска атрымала тытул «Каралева Вясна Беларусі–2018»
У фінале, які адбыўся ўчора (27 красавіка) у Мінску, на карону і права прадстаўляць Беларусь на міжнародным міжвузаўскім конкурсе грацыі і артыстычнага майстэрства прэтэндавалі 11 удзельніц з розных рэгіёнаў рэспублікі. Навучэнка другога курса філалагічнага факультэта, стаўшы пераможцай нацыянальнага тура, зноў даказала, што віцебскія дзяўчаты самыя прыгожыя ў краіне.
Дзяўчына вучыцца на спецыяльнасці «рамана-германская філалогія», працуе трэнерам спартыўна-бальных танцаў у клубе «Паўночная сталіца», захапляецца конным спортам і плаваннем. Марыя прызналася, што рэспубліканская «Каралева Вясна» не першы яе конкурс прыгажосці. Да гэтага яна стала ўладальніцай тытула «Міс ВДУ-2017» і атрымала карону як самая прывабная і артыстычная студэнтка Віцебшчыны, перамогшы на рэгіянальным туры міжвузаўскага спаборніцтва.
– Кожны конкурс – гэта неперадаваемыя эмоцыі і адчуванні. Да рэспубліканскага фіналу рыхтавалася ў сціснутыя тэрміны, літаральна за тры дні. Акрамя творчага нумара, было яшчэ 4 выхады – прадстаўленне, інтэлектуальны конкурс «Брэнд краіны», а таксама два дэфіле. Думаю, мне дапамагло тое, што я заставалася сабой, не спрабавала прыдумаць сабе вобраз і паказаць тое, чаго няма. А яшчэ я вельмі ўдзячная за падтрымку маёй сям'і, сябрам і любімаму ўніверсітэту, якія перажывалі за мяне і шчыра жадалі поспеху, – расказала новая «Каралева Вясна» Марыя Салаўёва.
Віцебская грацыя стане ўдзельніцай міжнароднага фіналу «Каралева Вясна», які пройдзе летам у Мінску. Нагадаем, пераможцай леташняга міжнароднага конкурсу стала студэнтка ВГТУ Сняжана Міхейцава.