Віцебская мытня павялічыла паступленні ў дзяржскарбніцу на 30%, у асноўным з-за росту колькасці аформленых тавараў

У мінулым годзе Віцебская мытня пералічыла ў бюджэт 123 руб. на кожны рубель, выдаткаваны дзяржавай на яе ўтрыманне. Гэта на 30% больш, чым паказчык 2017-га.

— Дзейнасць мытнай службы — эфектыўны механізм папаўнення бюджэту краіны. Пры гэтым яна — адзін з ключавых элементаў эканамічнай бяспекі дзяржавы і процідзеяння трансгранічнай злачыннасці. Калі казаць канкрэтна пра нас, то мы таксама садзейнічаем развіццю знешнеэканамічнай дзейнасці і бізнес-асяроддзя на Віцебшчыне, — сказаў начальнік Віцебскай мытні Павел Лабачоў. — Значны рост паступленняў у казну адбыўся з-за павелічэння аформленых намі тавараў. Сярод пералічаных плацяжоў пераважаюць вывазныя мыты пры экспарце нафты і нафтапрадуктаў — каля 80% ад агульнай сумы, падатак на дададзеную вартасць і ўвазныя мыты.

За 2018 год у вобласці мяжу перасеклі звыш 223 тыс. грузавых і 266 тыс. легкавых аўтамабіляў, каля 935 тыс. фізічных асоб. Колькасць пададзеных дэкларацый узрасла на 13,7%, прычым больш за 81% тавараў, што вывозяцца з ЕАЭС, афармлялася менш чым за 5 хвілін, 78% тавараў, што ўвозяцца, — менш чым за 2 гадзіны. Амаль усе з іх задэклараваны ў электронным выглядзе.

— Гэта сведчыць аб транзітнай прывабнасці і стварэнні камфортных умоў для вядзення бізнесу, нашай паспяховай працы ў рамках абноўленага мытнага заканадаўства і Мытнага кодэкса ЕАЭС, які ўступіў у сілу, — паведаміў Павел Анатольевіч. — Добра мы дзейнічалі і ў плане спынення правапарушэнняў — іх выяўлена на 23% больш, чым у 2017-м. Заведзена каля 3 тыс. спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях і 24 крымінальныя. Сярод таго, што часцей за ўсё спрабавалі даставіць да нас кантрабандай — новая адзежа пад выглядам былай ва ўжытку, харчовая прадукцыя, запчасткі для аўтамабіляў, кветкі, парфумерыя, прадметы мастацтва, халодная зброя, наркотыкі.

Каб ісці ў нагу з часам, павышаць эфектыўнасць дзейнасці і аператыўнасць, выкараняць карупцыю ў сваіх шэрагах, мытнікі ўкараняюць у сваю дзейнасць інтэрнэт і найноўшую тэхніку.

У пункце пропуску «Грыгораўшчына» на Верхнядзвіншчыне з'явіўся інспекцыйна-даглядны комплекс. Ён дазваляе прасканаваць любы груз і атрымліваць выявы тавараў, якія перамяшчаюцца, без ускрыцця транспартнага сродку, выяўляць рэчы, схаваныя ад мытнага кантролю. У 2018-м з выкарыстаннем ІДК праведзена звыш 14,5 тыс. даглядаў, у кожным пятым выпадку выяўлены парушэнні. Эканамічная мэтазгоднасць яго эксплуатацыі — 50 руб. даходу на 1 рубель затрат.

— Жадаю ўсім мытнікам поспехаў у няпростай працы па абароне бяспекі эканамічных інтарэсаў Беларусі, — адзначыў Павел Анатольевіч. — Няхай справа, якой вы аддаеце сілы, вопыт і веды, прыносіць радасць і новыя прафесійныя дасягненні!

Больш за 7% тавараў, якія змяшчаюцца пад працэдуру мытнага транзіту і якія накіроўваюцца ў адрас беларускіх імпарцёраў, выпушчаны Віцебскай мытняй у аўтаматычным рэжыме, гэта значыць без удзелу інспектараў.

"Віцебскія весці".