Віцебская мытня афармляе 25% экспартных пасведчанняў у электронным выглядзе
15 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Віцебская мытня пачала афармленне 25% экспартных пасведчанняў у электронным выглядзе, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Дзяржаўнага мытнага камітэта.
Да верасня 2009 года мытня плануе выйсці на 50-працэнтны ўзровень мытнага афармлення экспартных тавараў у электронным выглядзе.
У цяперашні час Віцебская мытня актыўна развівае сістэму электроннага дэкларавання тавараў не ў якасці эксперыменту, а ў межах нацыянальнай аўтаматызаванай сістэмы электроннага дэкларавання (НАСЭД). У зоне аператыўнай дзейнасці мытні афармленне экспартных тавараў, якія перамяшчаюцца аўтамабільным і чыгуначным транспартам, з дапамогай электроннага дэкларавання ажыццяўляецца ў пунктах мытнага афармлення: "Віцебск-Цэнтральны", "Віцебск", "Орша-Белмытсэрвіс" і "Орша-Усходняя".
Вялікая доля электронных мытных дакументаў прад'яўляецца да мытнага афармлення Віцебскім філіялам РУП "Белмытсэрвіс". У цяперашні час праз гэты філіял ажыццяўляюць электроннае дэклараванне каля 30 суб'ектаў гаспадарання. Шэраг прадпрыемстваў, якія маюць статус "Добрасумленны ўдзельнік ЗЭД" (ППТУП "Віцебская лесапільня", ААТ "Завод керамзітавага жвіру г. Навалукомль", ААТ "Віцебскія дываны", РУВП "Станказавод "Чырвоны бальшавік", ТДА "Год вуд"), выканаўшы ўсе неабходныя для ўдзелу ў электронным дэклараванні ўмовы, плануюць альбо самастойна ажыццяўляюць падачу ў мытню дэкларацый у электронным выглядзе. Пры гэтым колькасць удзельнікаў сістэмы электроннага дэкларавання пастаянна расце.
Пры ажыццяўленні перавозак чыгуначным транспартам у сістэме электроннага дэкларавання прымае ўдзел таксама Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі, якое выступае ў якасці перавозчыка і прадстаўляе ў мытню электронныя дакументы мытнага транзіту.
Акрамя таго, Віцебская мытня з ліпеня бягучага года прыступіла да рэгістрацыі статыстычных экспартных дэкларацый, якія прадстаўляюцца ў электронным выглядзе. Першым прадпрыемствам, якое падало электронную статыстычную дэкларацыю, стала ААТ "Віцебская бройлерная птушкафабрыка".-0-