Віцебская мытня спыніла незаконнае перамяшчэнне агародніны і садавіны на суму каля Br320 млн.

21 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Супрацоўнікі Віцебскай мытні спынілі незаконную перавозку партыі агародніны і садавіны з Нідэрландаў і Іспаніі на суму каля Br320 млн, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў мытні.

Груз агульнай вагой каля 16 т перавозіўся на аўтамабілі Volvo з Літвы ў Расію. Мабільная група аператыўна-пошукавага аддзела Віцебскай мытні спыніла транспарт для праверкі дакументаў у Лёзненскім раёне на беларуска-расійскай мяжы. Як аказалася, расійскі грузаперавозчык у парушэнне патрабаванняў заканадаўства спрабаваў перавозіць агародніну і садавіну без фітасанітарнага сертыфіката. У выніку тавар быў канфіскаваны.

Віцебскай мытняй распачаты адміністрацыйны працэс па частцы 4 арт.12.17 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Беларусі "Транспарціроўка тавараў без таварна-суправаджальных дакументаў", якая прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу на суму да 50 базавых велічынь (1 базавая велічыня складае Br35 тыс.) і канфіскацыі грузу.-0-