Віцебская мытня спыніла незаконны вываз амаль 5,4 тыс. пачкаў цыгарэт

5 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебская мытня на беларуска-латвійскай мяжы ў Верхнядзвінскім і Браслаўскім раёнах спыніла незаконны вываз трох партый цыгарэт, якія перавозіліся ў тайніках аўтамабіляў. Агульная сума канфіскаваных тавараў і транспартных сродкаў перавысіла Br250 млн., паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аператыўна-пошукавага аддзела мытні Пётр Маркачэўскі. Ва ўсіх выпадках машыны ехалі транзітам з Расіі ў Латвію. У грузавым аўтамабілі "Вольва" табачныя вырабы былі схаваныя ў тэхналагічных пустэчах за абшыўкай салона і па ўсім перыметры кабіны. Яшчэ два разы супрацоўнікі мытні натыкаліся на падвойную падлогу: у мікрааўтобусе "Пежо" і легкавым аўтамабілі "Сітраен" кіроўцы прыстасавалі пад тайнікі для кантрабанднай перавозкі цыгарэт пустэчы пад падлогай у салоне транспартных сродкаў. Усяго з нелегальнага абароту было канфіскавана амаль 5,4 тыс. пачкаў цыгарэт расійскай вытворчасці. Па гэтых фактах распачаты адміністрацыйны працэс па арт. 12.27 і арт. 14.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Беларусі. У выпадках, калі груз нелегальна перавозіцца ў тайніку, прадметам адміністрацыйнага мытнага правапарушэння з'яўляецца як тавар, так і транспартны сродак. Цыгарэты і аўтамабілі канфіскаваны да вынясення судом рашэння аб прыцягненні вінаватых асоб да адказнасці і канфіскацыі тавараў і машын.-0-