Віцебская ЦЭЦ стала 3-м прадпрыемствам вобласці, якое атрымала сертыфікат якасці міжнароднага ўзору

Філіял «Віцебская ТЭС» РУП «Віцебскэнерга» стаў трэцім прадпрыемствам у вобласці, якое атрымала сертыфікат якасці, што адпавядае сучасным міжнародным стандартам.

Як растлумачыў дырэктар Віцебскага цэнтра стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі Павел Якаўлеў, дзяржаўны стандарт СТБ ISO 9001-2015 уведзены ў Беларусі ў мінулым годзе. На сённяшні дзень яго атрымалі толькі 22 суб'екты нашай краіны, сярод іх такія вядомыя, як будаўнічая атамная электрастанцыя, Нацыянальная акадэмія навук.

– Сертыфікат СТБ ISO 9001 па новай версіі 2015 года – гарант высокай якасці. Да яго ўладальнікаў прад'яўляюцца жорсткія патрабаванні. У прыватнасці, на прадпрыемстве павінны быць укаранёны рызыка-арыентаваны менеджмент, сучасныя тэхналогіі, інавацыі, прысутнічаць лідарства кіраўніцтва і высокая кампетэнтнасць персаналу. Усім гэтым патрабаванням адпавядае Віцебская ТЭС, – адзначыў Павел Якаўлеў.

Філіял забяспечвае цяплом і электраэнергіяй прамысловыя прадпрыемствы заходняй часткі Віцебска, а таксама гарачай вадой больш за траціну жылога фонду абласнога цэнтра. Пабудаваная ў 1954 годзе станцыя больш за 60 гадоў была і застаецца надзейным пастаўшчыком паслуг, якія напрамую адлюстроўваюць стан эканомікі, узровень і якасць жыцця жыхароў горада.

– Віцебская ТЭС прайшла вялікі шлях па ўдасканаленні працэсу вытворчасці электра- і цеплаэнергіі. У першыя гады яна працавала на тарфе, затым на мазуце, сёння – на прыродным газе. На станцыі своечасова праводзяцца рамонты абсталявання, замена вузлоў і агрэгатаў, што выпрацавалі свой рэсурс. Асноўнымі мэтамі дзейнасці філіяла з'яўляюцца надзейнае, якаснае, бяспечнае, эканамічна эфектыўнае функцыянаванне вытворчасці па выпрацоўцы і перадачы электрычнай і цеплавой энергіі спажыўцам. І калектыў з гэтым паспяхова спраўляецца, – распавёў дырэктар Віцебскай ТЭС Аляксандр Станькоўскі.

У пацвярджэнне высокай кваліфікацыі і прафесіяналізму персаналу, надзейнасці працы абсталявання ў 2010 годзе на станцыі была ўкаранёна сістэма менеджменту якасці вытворчасці і перадачы цеплавой і электрычнай энергіі (СМК), распрацаваная ў адпаведнасці з

патрабаваннямі стандарту СТБ ISO 9001-2009.
Яе выніковасць і працаздольнасць неаднаразова пацвярджаліся праводзімым ЦСМіС інспекцыйным кантролем, была паўторна пацверджана ў 2013-м і засведчана адпаведным дакументам. А летась Віцебская ЦЭЦ паспяхова прайшла сертыфікацыйны аўдыт на адпаведнасць новай версіі Дзяржстандарта.

Уручэнне сертыфіката прайшло ў актавай зале прадпрыемства, ва ўрачыстай абстаноўцы. Бо такое прызнанне якасці працы станцыі – вынік дзейнасці ўсяго калектыву, які, як запэўніў Аляксандр Станькоўскі, і надалей будзе добрасумленна працаваць на карысць людзей.

Дарэчы, акрамя Віцебскай ЦЭЦ такі сертыфікат якасці ў вобласці атрымалі ААТ «Чырвоны Кастрычнік» і польска-беларускае прадпрыемства «Аплісенс», якое займаецца вытворчасцю пераўтваральнікаў ціску і тэмпературы, якія, у прыватнасці, пастаўляе на дадзеную электрастанцыю.

Таццяна Пастэрнак. Фота Антона Сцяпанішчава. «Віцебскія весці».