Віцебская цяжкаатлетка Анастасія Міхаленка заваявала «срэбра» на чэмпіянаце свету

Витебская тяжелоатлетка Анастасия Михаленко завоевала «серебро» на чемпионате мира

Нядаўна стала вядома, што навучэнка Віцебскага вучылішча алімпійскага рэзерву Анастасія Міхаленка заваявала сярэбраны медаль на чэмпіянаце свету па цяжкай атлетыцы сярод юніёраў, які праходзіў у польскім Уроцлаве. А ў лютым яшчэ адна выхаванка ВУАР Дар'я Блашко стала лепшай у спрынце на чэмпіянаце свету па біятлоне сярод юнакоў і юніёраў у Раўбічах. Што сабой уяўляе кузніца талентаў і за кошт чаго ўдаецца дабівацца вынікаў, «Віцебскім весткам» расказаў дырэктар установы адукацыі Дзмітрый Хома.

— Вучылішча функцыянуе з 1989 года на базе былой школы-інтэрната спартыўнага профілю. Асноўная задача, якая стаіць перад намі, — падрыхтоўка рэзерву для нацыянальных каманд Беларусі. Мы знаходзімся ў пастаянным развіцці, каб адаптавацца з улікам эканамічнай абстаноўкі да сучасных умоў. Праводзім аптымізацыю функцый, выбудоўваем сістэму ўзаемадзеяння так, каб кожнае звяно ўстановы якасна выконвала сваю працу для атрымання максімальнага выніку. Высокую эфектыўнасць працы можна забяспечыць толькі ў тым выпадку, калі вядзецца прафесійнае камплектаванне складу навучэнцаў, ажыццяўляецца фарміраванне трэнерскага калектыву на аснове спалучэння маладосці і вопыту. Акрамя таго, немалаважнае значэнне маюць умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і наладжванне спадарожнай інфраструктуры: арганізацыя харчавання, пражывання, медыцынскага абслугоўвання і г. д.

— Дзмітрый Леанідавіч, якія віды спорту вы культывуеце і ці ёсць усё неабходнае для падрыхтоўкі будучых алімпійцаў?

— Падрыхтоўка вядзецца па 14 алімпійскіх відах спорту. Самыя шматлікія аддзяленні лёгкай і цяжкай атлетыкі, біятлона. У нас больш за 200 навучэнцаў. Яны забяспечаны месцамі ў інтэрнаце і больш за 90% з іх займаюцца на нашай базе — усе аб'екты размешчаны ў радыусе 100 м. Сёння ў вучылішчы створаны ўсе ўмовы для арганізацыі якаснага вучэбна-трэніравальнага працэсу. Ёсць лёгкаатлетычны манеж, лыжаролерная траса, залы бокса, барацьбы, дзюдо, спецыялізаваны зала для цяжкаатлетаў, велабаза, нестандартны лёгкаатлетычны стадыён, мужчынскі і жаночы аднаўленчыя цэнтры (сауны), трэнажорная зала. У нас працуюць каля 20 трэнераў-выкладчыкаў вышэйшай і першай катэгорыі, у тым ліку заслужаныя — Іван Белапухаў, Іван Пятровіч, Віктар Віньнік, Аляксандр Галаўнёў, Аляксандр Саланенка, Міхаіл Шур.

— А праблемы з наборам дзяцей маюцца?

— Ёсць складанасці пры перадачы дзяцей ва УОР з дзіцяча-юнацкіх спартшкол. Але мы робім меры па паляпшэнні сітуацыі: праводзім сустрэчы з дырэктарамі ДЮСШ, метадыстамі фізічнай культуры, вядзём прагляды, працуем са старэйшымі трэнерамі па відах спорту, абласнымі федэрацыямі, ажыццяўляем выезды на раённыя спаборніцтвы. Таксама два разы на год праводзім атэстацыю нашых навучэнцаў, дзе прымаем рашэнне аб мэтазгоднасці працягу іх навучання ў адпаведнасці з вынікамі.

— За кошт чаго вядзецца ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы?

— Вялікую ўвагу нам надаюць кіраўніцтва вобласці, Міністэрства спорту і турызму і ўпраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама. Так, толькі за апошні час з Мінска паступіла 200 млн руб. на набыццё трэнажораў, за кошт абласнога бюджэту набыты аўтобус коштам больш за 1 млрд руб. Таксама мы займаемся пазабюджэтнай дзейнасцю: на нашай базе ідзе падрыхтоўка расійскіх спартсменаў. За мінулы год удалося зарабіць каля 950 млн руб., якія выдаткаваны на набыццё трактара МТЗ, касілак, пральных машын, прынтараў і інш. Акрамя таго, у 2014-м удалося зэканоміць 760 млн бюджэтных грошай, якія па ўзгадненні з фінансавым упраўленнем аблвыканкама накіравалі на мадэрнізацыю. Разам з тым застаецца шэраг праблем, у прыватнасці, у лёгкаатлетычным манежы трэба ўсталяваць вентыляцыю, разбураецца лыжаролерная траса, больш за 15 гадоў вядзецца будаўніцтва залы гульнявых відаў спорту і цяжкай атлетыкі. Але ўпэўнены, што сумеснымі з уладамі намаганнямі гэтыя пытанні ўдасца вырашыць у бліжэйшы час.

— Якімі вынікамі выступленняў навучэнцаў вы ганарыцеся больш за ўсё?

— Вядома, сёлета парадавалі міжнародныя поспехі біятланісткі Дар'і Блашко і цяжкаатлеткі Анастасіі Міхаленка. Раней годныя вынікі на сусветных стартах паказалі Арцём Смірнов, Барыс Смычкоў, Марыя Кандрацьева, Карына Сафронава. Удзел у зімовай Алімпіядзе ў Сочы прымалі нашы выпускнікі Анастасія Дубарэзава, Аляксей Іваноў і Максім Сяргееў. Але перамогі ў юніёрскіх спаборніцтвах не самамэта, а толькі прыемнае дадатак да працэсу падрыхтоўкі рэзерву для нацыянальных каманд Беларусі. Галоўнае, каб моладзь у выдатнай форме падышла да дарослых першынстваў і ў будучыні на Віцебшчыне з'явіліся новыя алімпійцы. Вучылішча мае слаўныя традыцыі і высокую планку, пастаўленую прызёрамі Гульняў Ігарам Лапшыным, Аляксандрам Каваленкам, Аляксеем Айдаравым, Сяргеем Лаўрэнавым, Ганнай Бацюшка, Віктарам Зуевым, Таццянай Стукалкай і Марынай Шкерманковай. Мы не маем намеру здаваць пазіцый і пастараемся выгадаваць новых зорак. У 2015-м ужо ёсць 2 медалі са стартаў сусветнага ўзроўню, але сезон толькі пачынаецца, таму колькасць каштоўнага металу абавязкова павялічыцца. Што ж тычыцца вынікаў выступленняў на афіцыйных спаборніцтвах у Беларусі, то звыш ста нашых спартсменаў падымаліся на п'едэсталы.

— Ці ёсць у вас нейкія дадатковыя заахвочванні, каб матываваць навучэнцаў і іх настаўнікаў?

— Мы ўкаранілі гнуткую сістэму прэміравання і ўстанаўлення штомесячных надбавак за вынік для трэнераў. Заахвочваем і найбольш адораных дзяцей. Да прыкладу, арганізуем экскурсіі і паездкі на значныя спартыўныя мерапрыемствы для лепшых навучэнцаў, заснавалі стыпендыю за кошт пазабюджэтных сродкаў, першай уладальніцай якой стала Дар'я Блашко.

Алег Шведаў, "Віцебскія весці"