Віцебская вуліца з'явіцца ў горадзе Белаярскі на поўначы Расіі

Віцебская вуліца з'явіцца ў горадзе Белаярскі на поўначы Расіі. Пра гэта ў Віцебску паведаміла журналістам намеснік кіраўніка Белаярскага раёна Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі - Югра Расіі Наталля Сокал.

"Наш горад Белаярскі - самы малады з партнёраў Віцебска. Але за такі няпросты перыяд (дагавор аб супрацоўніцтве заключаны ў сакавіку бягучага года) мы ўжо атрымалі першыя партыі вашых прадуктаў. Яны цудоўнага густу і карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Разбіраюць іх маланкава. Гэтым летам рыхтуемся прыняць ваш студэнцкі атрад. Мы шмат увагі надаём адпачынку дзяцей і набылі пуцёўкі для аздараўлення ў вашым лагеры. У сваю чаргу чакаем на адпачынак дзяцей з Віцебска для таго, каб паказаць ім этнічнае асяроддзе Поўначы. Акрамя гэтага, у Белаярскім ёсць вуліца, якая пабудавана рукамі беларускіх будаўнікоў, і яна будзе названа Віцебскай. Там ужо працуюць вашы мастакі - на сцяне аднаго з дамоў будзе створана пано з выявай вуліцы ў Віцебску, якая носіць аналагічную назву. Гэта будзе цікавая прастора, сапраўднае яднанне двух гарадоў", - распавяла Наталля Сокал.

Яна адзначыла, што белаярскія рыбаловы зараз напружана працуюць, каб нарыхтаваць дастатковую колькасць рыбы. Плануецца, што гэтая прадукцыя з'явіцца на прылаўках віцебскіх крам. Расійскія партнёры таксама разлічваюць наладзіць узаемавыгаднае супрацоўніцтва ў сферы паставак нехарчовай прадукцыі. Сёння ў Віцебску пачаліся святочныя мерапрыемствы з нагоды 1042-годдзя горада. Павіншаваць абласны цэнтр з днём нараджэння прыбылі дэлегацыі гарадоў-пабрацімаў і партнёраў, прадстаўнікі замежных дзяржаў і рэгіёнаў Беларусі.

Алена Ціханава - БелТА.