«Віцебскаўтадар» плануе ў 2010 годзе асвоіць на развіцці дарожнай гаспадаркі Br164 млрд.

4 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Віцебскаўтадар" плануе ў 2010 годзе выканаць работы па ўтрыманні, рамонце і развіцці мясцовай дарожнай гаспадаркі на агульную суму каля Br164 млрд., што на 13% перавышае аб'ём фінансавання ў 2009 годзе. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі на прадпрыемстве. Адным з асноўных аб'ектаў будаўніцтва для "Віцебскаўтадара" застаецца ўзвядзенне кальцавой дарогі вакол Віцебска, адсутнасць якой з'яўляецца сур'ёзнай транспартнай праблемай абласнога цэнтра. У бягучым годзе працягнецца будаўніцтва паўднёва-заходняга абходу на ўчастку Дымановічы-Старынкі, а таксама плануецца прыступіць да работ на ўчастку Старынкі-Ноўка. Акрамя таго, будзе рыхтавацца абгрунтаванне інвестыцый па перспектыўным праекце "Паўночна-заходні абход Віцебска", які з'яўляецца завяршальным этапам будаўніцтва кальцавой. Прадпрыемства таксама мяркуе ўвесці ў эксплуатацыю пасля рэканструкцыі ўчастак трасы Р-21 Віцебск-мяжа РФ (Лёзна) працягласцю 5,6 км і кіламетровы адрэзак гэтай дарогі, непасрэдна прылеглы да мяжы, з павелічэннем на ім палос руху. У 2010 годзе "Віцебскаўтадар" плануе завяршыць рэканструкцыю пяцікіламетровага ўчастка дарогі М3 Мінск-Віцебск у Лепельскім раёне на мяжы з Мінскай вобласцю. Гэтыя работы стануць фінальным этапам рэалізацыі праекта па рэканструкцыі трасы М3 у Віцебскай вобласці. Капітальны і бягучы рамонт плануецца правесці на ўчастках дарог рэспубліканскага значэння агульнай працягласцю больш за 300 км, адрамантаваць звыш 300 пагонных метраў мастоў. "Віцебскаўтадар" у 2009 годзе выканаў работы на агульную суму каля Br144 млрд., у тым ліку ўведзена ў эксплуатацыю пасля рэканструкцыі 22 км дарог, капітальны і бягучы рамонт праведзены на ўчастках агульнай працягласцю звыш 240 км.-0-