«Віцебскаўтадар» удыхнуў другое жыццё ў былую паштовую станцыю XIX стагоддзя ў Гарадоцкім раёне

21 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Перакусіць у станцыйным доме, адпачыць у флігелі для ямшчыкоў і паставіць аўто ў карэтнай атрымаюць магчымасць турысты і кіроўцы транзітнага транспарту ў былой паштовай станцыі XIX стагоддзя ў Гарадоцкім раёне, якую РУП "Віцебскаўтадар" ператварыў у аб'ект прыдарожнага сэрвісу. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі на прадпрыемстве. Праект коштам каля Br1,7 млрд. прадугледжваў рэканструкцыю трох будынкаў былой паштовай станцыі (станцыйнага дома, флігеля і карэтнай), размешчанай у вёсцы Кузьміна на 25-м кіламетры аўтадарогі мяжа РФ (Езярышча) - Віцебск - Гомель - мяжа Украіны. Усе пабудовы з'яўляюцца помнікамі архітэктуры першай паловы XIX стагоддзя, узведзенымі прыкладна ў 1846 годзе. Станцыйны дом пераабсталяваны пад кафэ з банкетнай залай на 16 месцаў і міні-барам. Былы флігель для ямшчыкоў ператварыўся ў моцель на 5 месцаў з адна- і двухмеснымі нумарамі. Акрамя таго, на аб'екце прыдарожнага сэрвісу арганізаваны гасцявая стаянка для легкавых аўтамабіляў на 6 машынамесцаў і ахоўная стаянка для грузавога транспарту і аўтобусаў. Акрамя таго, праведзена добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі, створаны пляцоўкі адпачынку, пешаходныя дарожкі, арганізавана асвятленне і падсвятленне з выкарыстаннем сучасных матэрыялаў.-0-