Віцебскэнерга будзе апавяшчаць аб пазапланавым адключэнні святла з дапамогай SMS
– У тэставым рэжыме мы ўжо інфармуем бытавых спажыўцоў аб планавых работах на электрасетках. З новага года маем намер запусціць такі сэрвіс пры аварыйных перабоях з электрычнасцю, г.зн. калі недзе ўпала апора, абарваўся дрот, пашкодзіўся высокавольтны кабель, – распавёў начальнік службы электрычных сетак РУП «Віцебскэнерга» Павел Кабанаў.
Новы від паслугі будзе прадастаўляцца абанентам бясплатна. Цяпер РУП «Віцебскэнерга» складае базу дадзеных мабільных тэлефонаў абанентаў, якія хацелі б атрымліваць такія SMS-апавяшчэнні. Для гэтага неабходна пісьмовая згода, якую можна выказаць у найбліжэйшым падраздзяленні «Энергазбыту», супрацоўніку філіяла падчас наведвання абанента, а таксама ў разлікова-касавых цэнтрах прадпрыемства.
Інфармацыя аб планавых адключэннях электраэнергіі па ўсёй вобласці ёсць таксама на сайце РУП «Віцебскэнерга» ў рубрыцы «Графік адключэнняў электраэнергіі».