"Віцебскгіпразем" пачаў эксперымент па абнаўленні планаў землекарыстання сельгаспрадпрыемстваў

10 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Праектны інстытут "Віцебскгіпразем" (даччынае прадпрыемства РУП "Праектны інстытут "Белгіпразем") пачаў эксперыментальныя работы па абнаўленні планавых матэрыялаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар праектнага інстытута Мікалай Шыпуля. Сутнасць гэтых работ зводзіцца да таго, каб кожнае сельгаспрадпрыемства на аснове аэра- або касмічнай здымкі, з улікам інфармацыі, атрыманай пры сумеснай працы землеўпарадкавальных, лясапардадкавальных і іншых службаў, мела сучасныя планавыя матэрыялы сваіх сельскагаспадарчых угоддзяў. Пры адначасовым афармленні сельгаспрадпрыемствамі праваўдастойнай дакументацыі на свае землі гэтыя матэрыялы, па словах Мікалая Шыпулі, ствараюць гаспадаркам ідэальную аснову для правільнай арганізацыі работ, арыентавання, планавання і ўліку. Матэрыялы рыхтуюцца не толькі на папяровым носьбіце, але і ў электронным выглядзе. У далейшым яны могуць быць выкарыстаны для складання праектаў унутрыгаспадарчага землеўпарадкавання сельгаспрадпрыемстваў, падрыхтоўкі кніг гісторыі палёў, кадастравай ацэнкі земляў і аптымізацыі іх выкарыстання. Першымі ў эксперымент уключыліся сельгаспрадпрыемствы Чашніцкага і Лепельскага раёнаў. Цікавасць да гэтага праекта праяўляюць фермеры, таму што электронныя варыянты планаў могуць выкарыстоўвацца, напрыклад, на сучасных сельгасмашынах пры праграмаванні бартавых камп'ютараў з чыпамі касмічнага пазіцыянавання, што дазваляе дакладна выконваць рэгламент работ, тэхналогію, а гэта, у сваю чаргу, забяспечыць эканомію матэрыяльных і чалавечых рэсурсаў. Неабходнасць стварэння планавых матэрыялаў абумоўлена тым, што значная частка раёнаў Віцебскай вобласці пакуль карыстаецца планавымі матэрыяламі, вырабленымі больш за 20 гадоў таму. Яны ўжо шмат у чым не адпавядаюць рэчаіснасці і патрабуюць актуалізацыі, падкрэсліў Мікалай Шыпуля. За два дзесяцігоддзі істотна змяніліся межы сельгаскарыстальнікаў. Напрыклад, у Гарадоцкім раёне вынята і перададзена лясгасам 72,6 тыс.га сельскагаспадарчых земляў, а колькасць сельгаспрадпрыемстваў у вобласці з 1999 па 2009 год скарацілася з 505 да 292. Па дадзеных "Віцебскгіпразема", толькі шэсць раёнаў Віцебскай вобласці - Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Пастаўскі, Докшыцкі, Аршанскі і Сенненскі - валодаюць лакальнымі зямельна-інфармацыйнымі сістэмамі (ЗІС), якія ўключаюць сучасныя дадзеныя інвентарызацыі земляў і межаў населеных пунктаў, матэрыялы лясапардадкавання і глебавыя карты. У ЗІС таксама заносяцца звесткі аб трасах лінейных збудаванняў: ліній электраперадач, сувязі, аўтадарог, трубаправодаў. Такім чынам, ЗІС могуць выкарыстоўваць для працы не толькі сельгаспрадпрыемствы, але і іншыя зацікаўленыя арганізацыі.-0-