"Віцебскгіпразем" створыць зямельна-інфармацыйныя сістэмы ўсіх раёнаў Віцебскай вобласці

1 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Даччыннае УП "Праектны інстытут Віцебскгіпразем" плануе на працягу 2011-2012 гадоў завяршыць абнаўленне планавых матэрыялаў зямель сельскагаспадарчага прызначэння Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар праектнага інстытута Мікалай Шыпуля. Сутнасць гэтых работ зводзіцца да таго, каб кожны раён на аснове аэра- або касмічнай здымкі з улікам інфармацыі, атрыманай пры сумеснай працы землеўпарадкавальных, лесапарадкавальных і іншых службаў, меў сучасныя планавыя матэрыялы сваіх сельскагаспадарчых угоддзяў. Пры адначасовым афармленні сельгаспрадпрыемствамі праваўдасканаленых дакументаў на свае землі, гэтыя матэрыялы, па словах Мікалая Шыпулі, ствараюць гаспадаркам ідэальную аснову для правільнай арганізацыі работ, арыентавання, планавання і ўліку. Матэрыялы рыхтуюцца як на папяровым носьбіце, так і ў электронным выглядзе. У далейшым яны могуць быць выкарыстаны для складання праектаў унутрыгаспадарчага землеўпарадкавання сельгаспрадпрыемстваў, падрыхтоўкі кніг гісторыі палёў, кадастравай ацэнкі зямель і аптымізацыі іх выкарыстання. Перавагі электронных карт зацікавілі фермераў. Як адзначыў Мікалай Шыпуля, электронныя варыянты могуць выкарыстоўвацца на сучасных сельгасмашынах пры праграмаванні бартавых камп'ютараў з чыпамі касмічнага пазіцыянавання, што дазваляе дакладна выконваць рэгламент работ, тэхналогію, а гэта ў сваю чаргу забяспечвае эканомію матэрыяльных і чалавечых рэсурсаў. У 2011 годзе "Віцебскгіпразем" мае намер правесці аэрафотаздымку зямель у чатырох раёнах: Дубровенскім, Лёзненскім, Полацкім, Расонскім, - і тым самым завяршыць падрыхтоўчыя работы. Затым гэтыя матэрыялы будуць алічбаваны. У бягучым годзе трэба будзе перавесці ў электронны фармат планавыя матэрыялы зямель сямі раёнаў. Столькі ж планаў будзе падрыхтавана ў электронным выглядзе і ў 2012 годзе. Фінансаванне будзе весціся з рэспубліканскага бюджэту. Неабходнасць стварэння новых планавых матэрыялаў абумоўлена тым, што значная частка раёнаў Віцебскай вобласці пакуль карыстаецца планавымі матэрыяламі, вырабленымі больш за 20 гадоў таму. Яны ўжо шмат у чым не адпавядаюць рэчаіснасці і патрабуюць актуалізацыі. За два дзесяцігоддзі істотна змяніліся межы сельгазземель. Напрыклад, у Гарадоцкім раёне выключана і перададзена лясгасам 72,6 тыс.га сельскагаспадарчых зямель, скарацілася колькасць сельгаспрадпрыемстваў. Цяпер у вобласці рэалізуецца праграма "Чыстыя палі" па павелічэнні контурнасці палёў, што таксама патрабуе адлюстравання ў планавых матэрыялах. У цяперашні час толькі шэсць раёнаў Віцебскай вобласці - Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Пастаўскі, Докшыцкі, Аршанскі і Сенненскі - валодаюць лакальнымі зямельна-інфармацыйнымі сістэмамі (ЗІС), якія ўключаюць сучасныя даныя інвентарызацыі зямель і межаў населеных пунктаў, матэрыялы лесапарадкавання і глебавыя карты. У ЗІС таксама заносяцца звесткі аб трасах лінейных збудаванняў: ліній электраперадач, сувязі, аўтадарог, трубаправодаў. Такім чынам, ЗІС могуць выкарыстоўваць для працы не толькі сельгаспрадпрыемствы, але і іншыя зацікаўленыя арганізацыі.-0-