Віцебскія архівісты першымі ўкаранілі электронную базу для даследчыкаў радаводаў
22 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. У дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці ўкаранёна унікальная электронная база даных "Імянныя спісы". Гэта дае магчымасць аператыўна аказваць садзейнічанне даследчыкам радаводаў і грамадзянам, якія актыўна цікавяцца гісторыяй сваёй сям'і, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар абласнога архіва Таццяна Свістунова.
Яна адзначыла, што ў апошнія гады назіраецца ўсплёск цікавасці да генеалогіі. Разам з тым існуючы навукова-даведачны апарат не ўтрымлівае даных аб дакументах, якія могуць быць выкарыстаны пры выкананні запытаў біяграфічнага характару. Віцебскія архівісты вырашылі значна спрасціць пошукавыя мерапрыемствы, паскорыць выкананне і павялічыць выніковасць такіх запытаў. На працягу апошніх пяці гадоў работнікі архіва выканалі комплекс работ па выяўленні дакументаў, якія могуць быць запатрабаваны пры пацвярджэнні біяграфічных звестак. Складзеныя такім чынам пералікі дакументаў былі ўнесены ў электронную базу "Імянныя спісы", распрацаваную па замове абласнога архіва. "Цяпер пры атрыманні запыту аб асобе работнік архіва ўносіць прозвішча ў базу даных і атрымлівае інфармацыю аб тым, у якіх фондах можна знайсці дакументы па гэтым чалавеку", - растлумачыла Таццяна Свістунова.
У склад электроннай базы даных канвертаваны пералік асабістых спраў наменклатурных партыйных і камсамольскіх работнікаў Віцебскай губерні, акругі, вобласці за 1917-1941 гады, імянны пералік жыхароў Віцебска, якія падавалі дэкларацыі і заявы ў Віцебскі губфінаддзел у 1918-1924 гадах, пералік асабістых, пенсійных спраў па фондах дзяржаўнага комплексу даваеннага перыяду і шэраг іншых пералікаў. Усяго гэтыя пералікі дакументаў утрымліваюць персанальную інфармацыю амаль аб 56 тыс. грамадзян. Акрамя таго, цяпер у дзяржaрхіў пачынаюць паступаць на захоўванне матэрыялы перапісу насельніцтва 2009 года, звесткі з якіх таксама заносяцца ў электронную базу даных "Імянныя спісы".
Пры стварэнні пералікаў асабістых спраў былі выяўлены асабістыя справы Івана Алфёрава - бацькі лаўрэата Нобелеўскай прэміі Жареса Алфёрава, беларускага кампазітара Міхаіла Анцава, вядомага энтамолага Уладзіміра Плюшчыка-Плюшчэўскага, пісьменніка-казачніка Рыгора Шакулова. Гэтыя матэрыялы могуць быць выкарыстаны для правядзення розных даследчых работ.
У 2010 годзе абласны архіў выканаў больш за 200 запытаў біяграфічнага і генеалагічнага характару, што больш чым у два разы перавышае даныя 2009 года. Так, супрацоўнікі архіва выявілі дакументы і падрыхтавалі архіўную даведку ў дачыненні да сваякоў вядомага расійскага тэлевядучага і акцёра Сяргея Светлакова, якія пражывалі да 1931 года на тэрыторыі Сенненскага раёна.-0-