Віцебскія бізнесмены будуць прадстаўляць інтарэсы рэгіёна ў нядаўна сфарміраваным Савеце па развіцці прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.

Яго склад і некаторыя пытанні функцыянавання вызначаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №534 ад 29 лістапада 2012 года. У спісе ўдзельнікаў Савета – прадстаўнікі буйнога, сярэдняга і малога бізнесу, прадпрымальніцкіх структур і грамадскіх аб'яднанняў. Ад Віцебскай вобласці ў склад увайшлі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, генеральны дырэктар СТАА «Марка», старшыня грамадскага савета па развіцці прадпрымальніцтва пры старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалай Мартынаў, а таксама старшыня Асацыяцыі наймальнікаў і прадпрымальнікаў, генеральны дырэктар ТАА «Альянспласт» Мікалай Сілінаў. Указам абазначаны некаторыя функцыі кіраўніка Савета. У прыватнасці, штогод да 1 сакавіка неабходна прадстаўляць Прэзідэнту справаздачу аб дзейнасці, стане і перспектывах развіцця прадпрымальніцтва ў краіне, ажыццяўляць аналіз ходу рэалізацыі прынятых рашэнняў. Дарэчы, старшынёй структуры прызначаны экс-кіраўнік Нацбанка Рэспублікі Беларусь Пётр Пракаповіч.

Вольга МАСЛОЎСКАЯ.
«ВР»