Віцебскія бізнесмены прынялі ўдзел у V Міжнародным форуме прадпрымальніцтва ў Мінску
Гэты форум, да працы якога далучыліся прадстаўнікі Асацыяцыі наймальнікаў і прадпрымальнікаў Віцебскай вобласці, стаў пляцоўкай для дыялогу бізнесу і ўлады і пошуку рашэнняў актуальных для прадстаўнікоў прыватнага сектара пытанняў.
А іх ва ўмовах сусветнага крызісу нямала. Тым не менш прадпрымальныя людзі працуюць. Як вядома, бізнес гнуткі, ён хутчэй падбудоўваецца пад зменлівыя рэаліі рынку. І з кожным годам занятых у прыватным сектары становіцца ўсё больш. На сённяшні дзень гэта трэць эканамічна актыўнага насельніцтва краіны, якое фарміруе чвэрць ВУП і практычна трэць даходаў бюджэту. Пра гэта паведаміў міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі. І, на яго думку, ёсць перспектывы для павелічэння гэтых лічбаў, для нарошчвання моцы бізнесу, стварэння новых суб'ектаў гаспадарання.
– Фарміруюцца праграмныя дакументы па падтрымцы прадпрымальніцтва, да фінансавай дапамогі далучаюцца Сусветны банк, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, Банк развіцця Рэспублікі Беларусь. Даступнасць крэдытных рэсурсаў, максімальная стабільнасць падатковай сістэмы (пяць гадоў не павышаем і не ўводзім новыя падаткі), скарачэнне залішняга кантролю, павышэнне адукацыйнага ўзроўню – гэта крокі, якія зробіць урад для стварэння спрыяльных умоў для функцыянавання бізнес-асяроддзя. Спадзяюся, нам удасца надаць новы імпульс прыватнай ініцыятыве, – адзначыў Уладзімір Зіноўскі.
Пра тое, што прадпрымальнікі – рухаючая сіла любой эканомікі, нагадаў старшыня праўлення ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» Сяргей Румас, які робіць стаўку на вытворчы бізнес, інавацыйны складнік, прапаноўваючы адпаведныя фінансавыя інструменты. У наступным годзе банк плануе накіраваць на падтрымку прадпрымальніцтва каля 800 млрд рублёў. Новыя фінансавыя інструменты падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу, гісторыі поспеху вядомых у краіне людзей, замежны вопыт развіцця прыватнага сектара эканомікі, інавацыі ў сваёй справе, выхаванне прадпрымальнасці ў новага пакалення – праграма форуму была вельмі насычанай. У размове прымалі ўдзел прадстаўнікі ўрада краіны, дыпмісій, бізнес-асацыяцый, банкаў, прыватных кампаній, ментары, замежныя эксперты, гучалі розныя меркаванні і прапановы. Да прыкладу, пра тое, што ўдасканальвацца замінаюць нізкі ўзровень карпаратыўнага кіравання і персаналу, адсутнасць даступных крэдытных рэсурсаў, што неабходна ствараць галіновыя асацыяцыі прадпрымальнікаў, якія б прадстаўлялі інтарэсы занятых у той ці іншай сферы. На думку экспертаў панэльных дыскусій, пастаянна развіваецца дыялог бізнесу і ўлады, але не заўсёды ён вядзецца на адной і той жа мове. Інакш кажучы, адзначыў намеснік старшыні Савета па развіцці прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь Сяргей Новіцкі, бізнесу трэба больш выразна выказваць сваю пазіцыю і даносіць яе да органаў улады, у той жа час вучыцца працаваць цывілізавана, падладжвацца пад зменлівыя ўмовы рынку. А дзяржаве – падстаўляць плячо, а не ставіць палкі ў колы.
– Гэта быў дыялог, а любы дыялог лепш, чым яго адсутнасць. Вельмі важна, што гаворка ішла аб наяўных магчымасцях для бізнесу, а таксама аб пагрозах і праблемах, што ў цэлым дапаможа нам усім рухацца наперад і раўняцца на лепшых, – поделілся сваімі ўражаннямі дырэктар Цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва і трансферу тэхналогій – ААТ «Віцебскі бізнес-цэнтр» Леанід Шур.
Вольга Маслоўская, фота аўтара. «Віцебскія весці».