Віцебскія дарожнікі пачалі падрыхтоўку рэспубліканскіх трас да зімы

Витебские дорожники начали подготовку республиканских трасс к зиме

РУП «Віцебскаўтадар» пачало падрыхтоўку рэспубліканскіх трас да зімовага перыяду загадзя. Гэтаму спрыяў і зацверджаны Міністэрствам транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь комплекс мерапрыемстваў. У нашым рэгіёне праца ў гэтым напрамку праводзіцца не толькі ва ўстаноўленыя тэрміны, але і з улікам напрацаванага вопыту мінулых гадоў, канстатаваў начальнік аддзела ўтрымання аўтамабільных дарог, мастоў, збудаванняў і бяспекі руху РУП «Віцебскаўтадар» Дзмітрый Баравік.

Маючай зімой на ўтрыманне рэспубліканскіх аўтадарог плануецца затраціць 127 млрд рублёў, што на 19% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Для процігалалёднай апрацоўкі пакрыццяў спатрэбіцца каля 120 тыс. т пясчана-салянай сумесі і парадку 7 тыс. т солі ў чыстым выглядзе.

У арсенале дарожнікаў — звыш 39 тыс. нарыхтаваных паказальных вех і больш за 6 тыс. снегаахоўных шчытоў. Прадпрыемства запаслося таксама неабходнай колькасцю бензіну, дызельнага паліва, матэрыялаў для ямачнага рамонту. Дарэчы, з пачатку бягучага года ён праведзены на 141 585 кв. м рэспубліканскіх аўтадарог. Пры падрыхтоўцы да халадоў праведзены рамонт, мадэрнізацыя тэхнікі і абсталявання. На лінейку гатоўнасці пастаўлены 355 пяскосалеразмяркоўвальнікаў і снегаачышчальнікаў.

Для аператыўнага кіравання ўтрыманнем трас забяспечана ўстойлівая сувязь з усімі лінейнымі дарожнымі дыстанцыямі і тэхналагічным транспартам. 12 дарожна-вымяральных станцый, якія ў рэжыме рэальнага часу адсочваюць фактычны стан магістраляў, метэаралагічныя ўмовы, дазваляюць працаваць на апярэджанне. Прадугледзелі работнікі Віцебскаўтадара і сезонныя форс-мажорныя сітуацыі. Так, у непагодзь на дарогі выедуць, акрамя наяўнай тэхнікі, дадаткова каля 30 бульдозераў, аўтагрэйдараў, пагрузчыкаў старонніх арганізацый.

За надзейнасць, якасць і бяспеку рэспубліканскіх аўтамабільных дарог адказваюць каля тысячы супрацоўнікаў Віцебскаўтадара. Капрызы зімы яны будуць трымаць пад кантролем, каб на транспартных артэрыях рэгіёну кіраванне не ператварылася ў экстрэмальны від спорту.

Вольга Булавка, «Віцебскія весці».