Віцебскія дарожнікі прынялі ўдзел у будаўніцтве мытна-лагістычнага тэрмінала ў Пскоўскай вобласці

На двух асноўных дарожных аб'ектах Прыдзвіння быў задзейнічаны сёлета калектыў ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст №1 г. Віцебск» – гэта паўднёва-заходні абход Віцебска і аўтадарога Р-21 Віцебск–гр. Расійскай Федэрацыі–Ліёзна. Агульная працягласць уведзеных участкаў складае 7,2 кіламетра. Акрамя таго, сіламі трэста ўведзена ў эксплуатацыю пасля капітальнага рамонту 22,3 кіламетра аўтадарог, бягучы праведзены на 30,3 кіламетра.
– Удзельнічалі мы і ў будаўніцтве мытна-лагістычнага тэрмінала на аўтадарозе М-9 «Балтыя» ў вёсцы Харошкі Себежскага раёна Пскоўскай вобласці, – кажа генеральны дырэктар прадпрыемства Аляксандр Калкоў. – Між іншым, на аб'ектах Расійскай Федэрацыі выканана 16,5 працэнта так званых іншых заказаў, якія складаюць у цэлым больш за 48 працэнтаў нашых аб'ёмаў.

Аб'ект дзейнічае і варты самай высокай ацэнкі, аднак найбольш буйным і
значным з пабудаваных летась калектыў прадпрыемства лічыць для сябе завяршальны ўчастак паўднёва-заходняга абходу Віцебска – Дымановічы – Старынкі – Ноўка. Злучаючы разам з пабудаванымі раней Дымоўшчына – Камары і Камары – Ноўка полацкае, мінскае, сенненскае і аршанскае напрамкі, ён дазваляе транзітнаму транспарту хутка і камфортна пераадольваць Віцебск, не ўязджаючы ў горад. Агульная працягласць абходу складае больш за 23 кіламетры, а разам з развязкамі – усе 25. Кіроўцы ацанілі яго на «выдатна». Новы год калектыў ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст №1 г. Віцебск» сустрэў годнымі вынікамі. Такі паспяховы фініш можна было прадбачыць задоўга да заканчэння 2012-га. Выручка ад рэалізацыі работ і паслуг за студзень — кастрычнік склала амаль 400 мільярдаў рублёў. Прычым уласнымі сіламі выканана работ на суму 296,3 мільярда рублёў у дзейсных цэнах, што на 8,7 працэнта больш у супастаўных умовах, чым за аналагічны перыяд 2011 года. І гэта пры меншай колькасці работнікаў! Сярэднямесячная заработная плата павялічылася ў 2,4 раза. У снежні яна падышла да вызначаных Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь для сярэднестатыстычнага работніка народнай гаспадаркі краіны 500 долараў ЗША ў эквіваленце.

«ВР»