Сучасны лад жыцця, няправільнае харчаванне нярэдка прыводзяць да збою ў працы сістэмы стрававання. У сувязі з актуальнасцю праблемы на базе Віцебскага абласнога спецыялізаванага цэнтра быў створаны навукова-практычны гастраэнтэралагічны цэнтр, які ўзначаліў прафесар, доктар медыцынскіх навук Генадзь Юпатаў.
У цэнтры пастаянна ўкараняюцца новыя методыкі і тэхналогіі, адна з апошніх – устаноўка унутражалудачнага, так званага французскага, балона. Гэтая эндаскапічная працэдура для лячэння атлусцення даўно ўжываецца ў свеце. У Беларусі падобныя аперацыі пачалі праводзіцца толькі ў сталіцы, з усіх рэгіёнаў асвоіць дадзеную методыку вырашыліся віцебскія медыкі.
– Атлусценне прыходзіць сёння і ў нашу краіну, з'яўляецца ўсё больш поўных людзей, якія не могуць справіцца з праблемай толькі з дапамогай дыет. У сувязі з гэтым мы развіваем новы напрамак у пытаннях эндаскапічнага лячэння атлусцення, – кажа прафесар Юпатаў.
Такім чынам, пры найменшым медыцынскім умяшанні спецыялісты цэнтра імкнуцца максімальна палепшыць якасць жыцця пацыентаў, якія жывуць пад цяжарам лішніх кілаграмаў.
Укараняюцца тэхналогіі і пры іншых захворваннях сістэмы страўна-кішачнага тракта. Як паведаміў галоўны ўрач Валерый Дзянісенка, гэта, напрыклад, малаінвазіўныя метады лячэння варыкознага пашырэння вен стрававода ў пацыентаў з кампенсаваным цырозам печані. Варта адзначыць, што такія аперацыі цяпер выконваюцца нават не ва ўсіх клініках Масквы, а ў Беларусі, цалкам магчыма, піянерамі ў дадзеным напрамку могуць стаць менавіта віцебскія спецыялісты.
За год у гастраэнтэралагічным аддзяленні цэнтра на 40 койках пралечана больш за 1 200 жыхароў вобласці. Актыўна працуе кансультатыўны кабінет. Сярод дыягназаў пераважаюць язва страўніка і дванаццаціперснай кішкі, каліты, паталогіі печані, падстраўнікавай залозы і іншыя парушэнні функцый сістэмы стрававання. Усё больш выяўляецца пацыентаў з захворваннямі кішэчніка – у гэтым не апошнюю
ролю адыграла пашырэнне дыягнастычных магчымасцей за кошт сучасных эндаскапічных і лабараторных метадаў даследавання.
Удасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы, увядзенне ў практыку новых тэхналогій лячэння ў спецыялізаваным цэнтры працягваюцца і сёння, каб пацыенты з гастраэнтэралагічнымі паталогіямі адчувалі меншы дыскамфорт або ж маглі зусім пазбавіцца ад хваробы.
Наталля Рыжкова, «Віцебскія весці».