Віцебскія графiтысты атрымалi шанец вывесцi сваё мастацтва на легальны ўзровень

8 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцебскія графіцісты атрымалі шанец вывесці сваё мастацтва на легальны ўзровень. Сёння ў абласным цэнтры адбылася першая адкрытая сустрэча юных мастакоў з прадстаўнікамі мясцовых органаў улады і праваахоўных органаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Удзельнікамі мерапрыемства сталі каля 40 падлеткаў, якія ўжо не раз траплялі ў поле зроку супрацоўнікаў міліцыі за свае "мастацтвы", пакінутыя на фасадах будынкаў, прыпыначных пунктах і іншых аб'ектах горада. Самавыяўленне рабят дастаўляе пастаянны "галаўны боль" як жыхарам абласнога цэнтра, якія жадаюць бачыць свой родны горад у эстэтычным выглядзе, так і камунальнікам, вымушаным прыбіраць вынікі творчай працы моладзі. Улады горада вырашылі даць графіцістам шанец прадэманстраваць актуальнасць, крэатыўнасць і пэўную мастацкую каштоўнасць сваіх работ. На сустрэчы першы намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Уладзімір Каташук прапанаваў падлеткам прыняць удзел у гарадскім конкурсе графіці-мастакоў, які плануецца правесці на свяце Дня горада 25 чэрвеня. Спецыяльна для гэтага будуць падабраны аб'екты, для павышэння мастацкага ўзроўню работ з юнымі ўдзельнікамі папрацуюць прафесійныя мастакі і выкладчыкі Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Калі прапанова ўладаў знойдзе падтрымку ў рабят, то конкурс стане пастаянным. Прапанова зроблена, і цяпер толькі ад юных графіцістаў залежыць, дзе будзе пастаўлена коска ў фразе "забараніць нельга дазволіць". Графіці - від вулічнага мастацтва, адна з самых актуальных формаў мастацкага самавыяўлення ва ўсім свеце. Творы, якія ствараюцца графіці-мастакамі, з'яўляюцца самастойным жанрам сучаснага мастацтва, неад'емнай часткай культуры і гарадскога ладу жыцця. У многіх краінах і гарадах ёсць свае вядомыя аўтары, якія ствараюць на вуліцах горада сапраўдныя шэдэўры. "Магчыма, і хто-небудзь з віцебскіх графіцістаў праславіць наш горад сваёй творчасцю", - адзначыў Уладзімір Каташук.-0-