Віцебскія і даўгаўпілскія бізнесмены плануюць сумесныя праекты ў будаўніцтве і дрэваапрацоўцы
24 красавіка, Даўгаўпілс /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Супрацоўніцтва Віцебскай вобласці і Латгаліі мае вялікі патэнцыял, заявіла старшыня Даўгаўпілскай гарадской Думы Рыта Стродэ сёння на адкрыцці бізнес-форуму "Дні Віцебскай вобласці ў Латгаліі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Некаторыя прапановы віцебскіх прадпрыемстваў ужо зацікавілі латгальскіх прадпрымальнікаў. Стварэнне сумес ных дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў і выпуск мэблі для рэалізацыі на еўрапейскім рынку - адны з іх, сказала мэр Даўгаўпілса. "Мы гатовыя прадаставіць брэнд Еўрасаюза для беларускіх прадпрыемстваў", - дадала яна.
На думку Рыты Стродэ, яшчэ адной перспектыўнай сферай супрацоўніцтва можа стаць будаўнічая галіна. Улічваючы вялікія аб'ёмы будаўніцтва ў Беларусі, у прыватнасці ў Віцебскай вобласці, будаўнікі Даўгаўпілса выказалі зацікаўленасць у прадастаўленні сваіх магутнасцяў для рэалізацыі праграм будаўніцтва жылля і сацыяльнай сферы.
Старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін запрасіў латвійскіх бізнесменаў на інвестыцыйны форум, які плануецца правесці ў Віцебску ў дні фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".
Прадпрыемствы Віцебскай вобласці ўпершыню пасля ўступлення Латвіі ў ЕС прэзентуюць сваю прадукцыю ў Даўгаўпілсе. Бізнес-форум "Дні Віцебскай вобласці ў Латгаліі" завершыць сваю працу 25 красавіка.-0-