Віцебскія і гомельскія навукоўцы вырабілі доследныя ўзоры біясумяшчальнага трыкатажу
17 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Вучоныя кафедры тэхналогіі трыкатажнай вытворчасці Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (ВДТУ) распрацавалі і вырабілі доследныя ўзоры трыкатажных матэрыялаў, якія валодаюць павышанай біялагічнай сумяшчальнасцю з арганізмам чалавека. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў загадчык кафедры кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Аляксандр Чаркоўскі.
Распрацоўка вядзецца сумесна з вучонымі Інстытута механікі металапалімерных сістэм імя В.А.Белага НАН Беларусі (Гомель) у межах Дзяржаўнай комплекснай праграмы навуковых даследаванняў "Механіка" (падраздзел "Стварэнне біясумяшчальных палімерных трыкатажных трансплантатаў"). Атрыманне біясумяшчальнага трыкатажу дае магчымасць у перспектыве распрацоўваць шырокі спектр медыцынскіх вырабаў, у тым ліку імплантаты, якія выкарыстоўваюцца ў хірургіі для размяшчэння ўнутры арганізма чалавека, адзначыў Аляксандр Чаркоўскі.
Прынцып атрымання такога матэрыялу заснаваны на тэхналогіі нанясення тонкаплёначнага палімернага пакрыцця з загадзя высокай біялагічнай сумяшчальнасцю непасрэдна на трыкатаж з сінтэтычнага матэрыялу. Такім чынам на паверхні трыкатажных нітак ствараецца своеасаблівы бар'ерны пласт, які ў далейшым і прызначаны кантактаваць з арганізмам чалавека. Пры гэтым трыкатажная аснова таксама павінна валодаць біялагічнай сумяшчальнасцю. Фактычна гаворка ідзе аб увядзенні ў структуру трыкатажных нітак палімернага матэрыялу і стварэнні новага кампазітнага матэрыялу, які пасля імплантацыі ў арганізм павінен прарасці жывой тканкай. У ходзе даследаванняў вучоныя вызначылі, які від палімераў магчыма выкарыстоўваць, і тэхналогію нанясення палімера на трыкатажную матрыцу, якая дазваляе мінімізаваць змяненне фізіка-механічных уласцівасцей матэрыялу пасля апрацоўкі.
Атрыманыя вынікі адкрываюць новыя магчымасці ў медыцыне, у тым ліку па стварэнні штучных матэрыялаў з біялагічна актыўнымі кампанентамі, якія пасля ўвядзення ў арганізм чалавека здольны аказваць тэрапеўтычнае ўздзеянне. Таксама на аснове біясумяшчальнага трыкатажу магчыма стварэнне і штучнае вырошчванне імплантатаў для арганізма чалавека. Гэта комплексная задача, якая патрабуе сумеснх намаганняў інжынераў, медыкаў, біёлагаў і спецыялістаў тэкстыльнай вытворчасці, дадаў Аляксандр Чаркоўскі.-0-