Віцебскія і смаленскія супрацоўнікі ДАІ ў дзень беларускай міліцыі павіншуюць дам-кіроўцаў з 8 сакавіка
3 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Расійскія супрацоўнікі ДІБДР разам з віцебскімі калегамі ў прафесійнае свята беларускай міліцыі 4 сакавіка павіншуюць жанчын-кіроўцаў з надыходзячым 8 Сакавіка. Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Алеся Сярэгіна.
Прыемная місія ўскладзена на камандзіра батальёна дарожна-патрульнай службы ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Уладзіміра Банадысенку і камандзіра асобнага батальёна дарожна-патрульнай службы ДІБДР па абслугоўванні аўтадарогі Брэст-Масква Юрыя Шашкевіча (Смаленская вобл.). У першай палове дня ў Віцебску афіцэры ўручаць мілым дамам кветкі, сертыфікаты на зніжкі ў адным з салонаў прыгажосці абласнога цэнтра, а яшчэ выслухаюць іх прапановы па паляпшэнні работы супрацоўнікаў дарожна-патрульнай службы і сітуацыі на дарогах.
Міжнародны жаночы дзень не мае дзяржаўных межаў, таму ў другой палове дня такія ж цёплыя сустрэчы з супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцый Расіі і Беларусі чакаюць жанчын-кіроўцаў у прыгранічных з Віцебскай вобласцю раёнах Смаленшчыны.
Такія акцыі спрыяюць наладжванню сяброўскіх кантактаў паміж супрацоўнікамі ДПС дзвюх дзяржаў, фарміраванню законапаслушэнства, пачуцця павагі і ўзаемадапамогі ў удзельнікаў дарожнага руху, павышэнню кіроўчай культуры, дадала Алеся Сярэгіна.
Варта адзначыць, што супольная акцыя віцебскіх і смаленскіх дзяржінспектараў руху праходзіць напярэдадні трэцяй гадавіны падпісання дагавора аб супрацоўніцтве паміж Віцебскай і Смаленскай абласцямі. -0-