Віцебскія кадэты сталі пераможцамі IV рэспубліканскага агляду-конкурсу па страявой падрыхтоўцы

Витебские кадеты стали победителями IV республиканского смотра-конкурса по строевой подготовке
Выхаванцы Віцебскага кадэцкага вучылішча атрымалі перамогу на IV рэспубліканскім аглядзе-конкурсе па страявой падрыхтоўцы.

У адпаведнасці з праграмай садзейнічання станаўленню і развіццю кадэцкай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь грамадскае аб'яднанне «Беларускі саюз сувораўцаў і кадэтаў» штогод арганізуе і праводзіць агляд-конкурс. Сёлета прынялі ўдзел каманды кадэцкіх вучылішчаў Беларусі, Мінскага сувораўскага вучылішча і спецыялізаваных ліцэяў МУС і МНС.

Агляд-конкурс праводзіўся ў два этапы. У яго праграму былі ўключаны спаборніцтвы па адзінкавай страявой падрыхтоўцы, якая ўключае павароты, рух страявым крокам, воінскае прывітанне і іншыя элементы, і па страявой зладжанасці (выкананне прыёмаў у складзе каманды, праходжанне ўрачыстым маршам і выкананне страявой песні).

Пераходны прыз міністра абароны Беларусі заваявалі хлопцы з Віцебскага кадэцкага вучылішча.

— Спаборніцтвы ўпершыню адбыліся на базе віцебскай установы адукацыі. Як бачым, дэбют быў удалым. Але годны вынік – не шчаслівы выпадак і не ўдача. Цэлы год нашы хлопцы вялі актыўную падрыхтоўку, каб паказаць сваё майстэрства, — пракаментаваў галоўны суддзя агляду-конкурсу, начальнік напрамку ідэалагічнай работы і сацыяльнай абароны ваеннага камісарыята Віцебскай вобласці палкоўнік Аляксандр Марчанка.

— Перамога цалкам абгрунтаваная. Ва ўстанове адукацыі добрая матэрыяльная база для годнай падрыхтоўкі кадэтаў, — дадаў старшыня рэспубліканскага савета ГА «Беларускі саюз сувораўцаў і кадэтаў» Сяргей Жыціхін.

Другое месца занялі хлопцы са спецыялізаванага ліцэя МНС з Гомельскай вобласці, трэцяе — выхаванцы Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча.

Намеснік міністра абароны Беларусі генерал-маёр Сяргей Патапенка павіншаваў удзельнікаў і падкрэсліў, што большасць з іх неўзабаве папоўніць курсанцкія шэрагі, а страявая падрыхтоўка — надзвычай важны элемент у сістэме навучання будучых афіцэраў. Пераможцы гэтага конкурсу 9 мая 2020 года прымуць удзел у мінскім парадзе ў гонар 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

— Для кожнага курсанта вялікі гонар удзельнічаць у дадзеным аглядзе-конкурсе, бо ён з'яўляецца адным са крокаў па станаўленні нас як патрыётаў, абаронцаў Айчыны, — сказаў віцэ-сэржант з Віцебскага кадэцкага вучылішча Валерый Філіпенка.

"Віцебскія весці".