Віцебскія кандытары да Каляд і Новага года выпусцяць 25 т салодкіх вырабаў
21 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцебскія кандытары да Каляд і Новага года плануюць выпусціць 25 т салодкай прадукцыі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў РВУП "Віцебскхлебпрам".
Асартымент навагодніх тортаў і пірожных будзе прадстаўлены каля 40 найменнямі. Сярод навінак гэтага года - упрыгожаныя тэматычнымі вафельнымі дыскамі тарты "Сабрына", "Зорны дождж", "Мармеладка", "Снежная казка", "Салодкая карцінка". Спецыяльна для дыябетыкаў распрацаваны торт "Абрыкос са сліўкамі". Усе навагоднія вырабы адрозніваюцца падоўжанымі тэрмінамі захоўвання (у сярэднім 5-7 сутак) і прывабнай святочнай аздобай: мармеладнымі і цукрыстымі фігуркамі тыграў, Дзядоў Марозаў і Снягурак, ёлачкамі, вафельнымі і шакаладнымі візіткамі-віншаваннямі.
Каб у поўнай меры забяспечыць усіх жыхароў абласнога цэнтра навагоднімі тортамі і пірожнымі, віцебскія кандытары ўжо з 22 снежня пяройдуць на трохзменны рэжым работы.
За студзень-лістапад прадпрыемствы РВУП "Віцебскхлебпрам" выпусцілі прадукцыі на Br119,4 млрд., што на 8,5% вышэй за аналагічны ўзровень мінулага года. У Расію экспартавана хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў на $934 тыс. (тэмп росту 130,7%). Рэнтабельнасць рэалізацыі за 10 месяцаў склала 9%. Паказчык па энергазберажэнні - мінус 14,1% пры заданні мінус 12%.
У склад РВУП "Віцебскхлебпрам" уваходзіць 12 хлебазаводаў вобласці. Агульная колькасць працаўнікоў складае 2,7 тыс. чалавек.-0-