Віцебскія прыгажуні скідаюць лішнюю вагу ў бочцы
14 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Адны, як Дыяген, жылі ў бочках, іншыя, як японцы, у бочках мыліся, а вось віцебскія прыгажуні ў бочцы скідаюць лішнюю вагу і змагаюцца з целлюлітам. Праўда, бочка гэтая не звычайная, а кедровая, расказаў карэспандэнту БЕЛТА галоўны ўрач Віцебскага абласнога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансера Віктар Спірыдонаў.
Новая аздараўленча-аднаўленчая працэдура некалькі дзён як з'явілася ў дыспансеры. Яе сутнасць заключаецца ў бочцы, выкананай па ўсіх правілах бондарскага мастацтва з кедравай драўніны. У бочку вышынёй прыкладна 1,2 м убудаваны парагенератар, які падае пар, што ўтвараецца з адвару лекавых раслін. Пар унутры фітабочкі пастаянна цыркулюе, забяспечваючы раўнамерную тэмпературу на працягу ўсёй працэдуры. Як растлумачыў Віктар Спірыдонаў, пад уздзеяннем пары пашыраюцца сасуды, стымулюецца кровазварот, паскараюцца працэсы абмену рэчываў, у выніку чаго аднаўляецца імунітэт і адбываецца агульнае аздараўленне клетак арганізма. Акрамя таго, водар кедра дабратворна дзейнічае на нервовую сістэму. Людзям, якія пакутуюць ад лішняй вагі, 30-хвілінны сеанс у фітабочцы дапамагае спаліць столькі ж калорый, колькі згарае падчас дзесяцікіламетровай прабежкі, сцвярджае доктар. А глыбокае праграванне тлушчавых тканін актывізуе спальванне тлушчу і паляпшае абменныя працэсы, спрыяючы выраўноўванню скуры на праблемных месцах.
Сучасныя высокаэфектыўныя метады лячэння знаходзяць шырокае прымяненне ў дыспансеры. Лазератэрапія, азонацерапія, ультрафіялетавае апрамяненне крыві, плазмаферэз - шырока прымяняюцца ў практыцы віцебскіх дермавенеролагаў. Аднак разам з новымі тэхналогіямі ўрачы не забываюць і пра нетрадыцыйныя метады, якія пацвердзілі сваю эфектыўнасць, такія як апітэрапія (лячэнне з дапамогай пчол) і гірудатэрапія (лячэнне піяўкамі).-0-