Віцебскія лялечнікі інсцэніравалі чэхаўскага «Чорнага манаха»
Беларускі тэатр "Лялька" інсцэніраваў чэхаўскага "Чорнага манаха". Прэм'ера спектакля "Спакуса" па матывах вядомай аповесці класіка адбудзецца сёння ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у тэатры.
Пастаноўку спектакля для дарослых ажыццявіў мастацкі кіраўнік тэатра Віктар Клімчук. Ён падкрэсліў, што ў спектаклі незвычайная сцэнаграфія, герояў прадстаўляюць не толькі лялькі, але і самі акцёры. Да таго ж пастаноўка атрымалася вельмі музычнай: драматызм дзеяння ўзмацняюць урыўкі з вядомых оперных твораў.
"Чэхава паставіў упершыню, але думаю, што буду яшчэ звяртацца да гэтага пісьменніка, талент якога прызнаны ва ўсім свеце, - сказаў рэжысёр. - Спектакль наводзіць на разважанні, прымушае задумацца".
"Спакуса" ставіць перад гледацкай залай складаныя пытанні, дае магчымасць пранікнуць у псіхалогію таленавітага, захопленага сваёй справай чалавека, імкненне якога да самавыяўлення ў нейкі моманг пачынае разбураць лёсы блізкіх людзей.
Сцэнаграфія, касцюмы, лялькі прэм'ернага спектакля створаны па эскізах маладой мастачкі з Санкт-Пецярбурга Наталлі Бурнас. У пастаноўцы задзейнічаны маладыя акцёры: у ролі Коўрына - Міхаіл Клімчук, Чорнага Манаха гуляе Валерый Зімніцкі, сваю першую вялікую ролю выконвае пачаткоўка актрыса Марына Марозава. У новай пастаноўцы маладую пляяду артыстаў тэатра "Лялька" сваім майстэрствам і акцёрскім талентам падтрымлівае прызнаны мэтр віцебскага тэатра Юрый Франкоў, на рахунку якога дзясяткі згуляных роляў.
Беларускі тэатр "Лялька" утвораны ў Віцебску ў 1985 годзе пры Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа як лялечная трупа. Першы спектакль "Дзед і Жураўль" па п'есе Віталя Вольскага сыграны 20 красавіка 1986 года (гэты дзень і лічыцца днём нараджэння тэатра). У 1990 годзе лялечная трупа вылучылася ў самастойны калектыў з асобным будынкам у цэнтры горада. Калектыў Беларускага тэатра "Лялька" вядомы ў Беларусі і за яе межамі, на яго рахунку Гран-пры, прызы за лепшыя спектаклі і ролі, дыпломы міжнародных фестываляў.
Алена Ціханава