Віцебскія машынабудаўнікі распрацавалі першы беларускі аўтагідрапад'ёмнік з высакароднай сталі

14 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Віцебскія машынабудаўнікі першымі ў Беларусі распрацавалі аўтагідрапад'ёмнік з высокатрывалай канструкцыйнай сталі. Доследны ўзор створаны на прыватным вытворча-гандлёвым унітарным прадпрыемстве "Витстройтехмаш" і ўжо знайшоў свайго пакупніка, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Андрэй Сідараў. Тэхнічныя характарыстыкі мантажнага стрэлавага пад'ёмніка, здольнага падымаць рабочых і інструмент з матэрыяламі на вышыню амаль 20 м, не саступаюць замежным аналагам, а дзякуючы выкарыстанню высокатрывалых сталей яго металаёмістасць на 40% ніжэйшая, чым у канкурэнтаў, пры гэтым грузавыя характарыстыкі застаюцца ранейшымі. Кіраванне пад'ёмным механізмам ажыццяўляецца з дапамогай электрагідраўлічнага пульта. Па цане віцебскі пад'ёмнік удвая таннейшы. На базе доследнага ўзору прадпрыемства мае намер у маі бягучага года пачаць асваенне серыйнай вытворчасці аўтагідрапад'ёмнікаў з вышынёй пад'ёму 20 м, 25 м, 32 м пад гандлёвай маркай "Випо". Стратэгіяй маркетынгу прадпрыемства прадугледжана нароўні з асваеннем новых відаў прадукцыі стварэнне сэрвісных цэнтраў па яе абслугоўванні, а таксама навучанне і падрыхтоўка спецыялістаў для працы на ёй. Кажучы аб магчымасцях збыту новага віду прадукцыі, Андрэй Сідараў адзначыў, што ніша аўтагідрапад'ёмнікаў на айчынным рынку пакуль застаецца свабоднай. Асноўнымі пастаўшчыкамі пад'ёмнікаў у Беларусь з'яўляюцца расійскія і ўкраінскія прадпрыемствы, а таксама італьянскія і фінскія вытворцы. Асваенне вытворчасці пад'ёмных механізмаў дазволіць не толькі замясціць імпартную тэхніку айчыннай, але і пастаўляць яе за мяжу, упэўнены кіраўнік. Па яго словах, прадпрыемству ўжо паступіла прапанова ад расійскіх партнёраў аб адкрыцці гандлёвага дома ў Маскве. На рэалізацыю праекта прадпрыемства мае намер накіраваць звыш Br4,5 млрд. і завяршыць яго рэалізацыю ў 2013 годзе. Праект прадугледжвае стварэнне ста працоўных месцаў. Падатковыя паступленні ў мясцовы бюджэт за перыяд 2010-2013 гадоў, па папярэдніх разліках, складуць больш Br8,5 млрд. Прыватнае вытворча-гандлёвае унітарнае прадпрыемства "Витстройтехмаш" было створана ў 2004 годзе. Прадпрыемства спецыялізуецца на тэхнічным абслугоўванні і рамонце ўсіх відаў аўтагідрапад'ёмнікаў і пад'ёмнікаў, вырабе адказных металаканструкцый і вузлоў, вытворчасці будаўнічага абсталявання. Па папярэдніх дадзеных, па выніках працы ў 2009 годзе выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала Br2,6 млрд., што на 3% больш чым у 2008-м, прыбытак ад рэалізаванай прадукцыі ў параўнанні з 2008 годам узрос на 6%, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі склала 16%. -0-