Віцебскія міліцыянты пераселі на скутэры

22 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Міліцыянеры палка патрульна-паставой службы УУС Віцебскага аблвыканкама селі на скутэры, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА выконваючы абавязкі камандзіра палка Дзмітрый Глушкоў. Сёння ўпершыню патруль на матаролерах адправіўся на дзяжурства ў парк адпачынку Савецкай Арміі і размешчаны недалёка ад яго дачны пасёлак Уланавічы. Плануецца, што менавіта зоны адпачынку, прыгарадныя дачныя пасёлкі ў летні перыяд стануць аб'ектамі ўвагі патрулёў на скутэрах. Гэта забяспечвае мабільнасць міліцыянераў і ў адрозненне ад аўтатранспарту змяншае негатыўны ўплыў на экалогію, адзначыў Дзмітрый Глушкоў. Скутэры набыты за кошт абласнога бюджэту, а ініцыятыва іх куплі належыць самім міліцыянерам. Так, калі на пешае патруляванне ўчасткаў у раёне пляжнай зоны каля возера Даўжа і ў бліжэйшым дачным пасёлку неабходна 3 патрулі (6 чалавек), то на скутэры гэтыя аб'екты будуць знаходзіцца ў зоне ўвагі аднаго міліцыянера. Важна, што матаролеры эканамічныя ў эксплуатацыі: расход паліва ў скутэра нязначны - 2,5 л хапае на 100 км. Па словах Дзмітрыя Глушкова, насельніцтва вельмі добразычліва аднеслася да міліцыянераў на скутэрах, ды і самім міліцыянерам прыносіць задавальненне язда на модным транспарце. Пакуль у гаражы палка будуць стаяць чатыры скутэры. Калі тэхніка сябе апраўдае, то парк можа папоўніцца дадатковымі матаролерамі.-0-