Віцебскія міліцыянты выратавалі на пажары чалавека

23 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Супрацоўнікі Першамайскага аддзела Дэпартамента аховы ў Віцебску выратавалі на пажары чалавека і папярэдзілі ўзгаранне суседніх дамоў, расказала карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо. Міліцыянеры Алег Баталко і Сяргей Рулеў здзяйснялі начное патруляванне адной з вуліц у прыватным сектары абласнога цэнтра. Убачыўшы, як разгараецца дом, яны неадкладна выклікалі пажарных і прыступілі да выратавання людзей. Сяргей Рулеў пабег будзіць суседзяў, бо полымя магло перакінуцца на іх дамы, а Алег Баталко кінуўся ратаваць гаспадароў. Разам з напарнікам, які падспеў, яны выцягнулі мужчыну, у якога ад стрэсу адмовілі ногі. На жаль, выратаваць яго малодшага брата, які жыў у другой палове дома, адкуль і пачаўся пажар, не ўдалося - ён задыхнуўся. Пажарныя, якія прыехалі, знайшлі яго труп на канапе, побач стаялі пустыя бутэлькі з-пад спіртнога, недакуркі. Меркавана, прычынай пажару стала неасцярожнае абыходжанне з агнём малодшага брата. З-за ўласнай неасцярожнасці сёння загінулі трое жыхароў Докшыц. На дачы аднаго з іх у вёсцы Пруднікі (Докшыцкі раён) сябры ўладкавалі папойку, а затым нехта з іх паліў у ложку, што і прывяло да трагедыі. Паводле даных УМНС, з пачатку года ў вобласці адбылося 390 пажараў, 101 чалавек загінуў. Асноўная прычына пажараў і гібелі - неасцярожнае абыходжанне з агнём.-0-