Віцебскія міліцыянты падчас масавых мерапрыемстваў у Дзень Перамогі будуць пільныя і карэктныя
7 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Загад міністра ўнутраных спраў №1 аб уважлівым і ветлівым стаўленні да грамадзян з боку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў будзе няўхільна выконвацца і падчас масавых мерапрыемстваў у Віцебску ў гонар 65-годдзя Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі, запэўніў сёння журналістаў часова выконваючы абавязкі начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС Віцебскага аблвыканкама Ігар Скарынавіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як чакаецца, 9 мая на галоўнай плошчы абласнога цэнтра - плошчы Перамогі - падчас урачыстага мітынгу адначасова будзе знаходзіцца не менш за 40 тыс. чалавек. Для забеспячэння іх бяспекі і аховы грамадскага парадку будзе арганізавана рэжымна-абмежавальная тэрыторыя, уваход на якую будзе ажыццяўляцца праз 26 кантрольных пунктаў, размешчаных на вуліцах, прылеглых да месца ўрачыстасцей. На плошчу не будуць прапускаць грамадзян у стане алкагольнага ап'янення, з алкагольнымі напоямі і півам, з калючымі, рэжучымі прадметамі і агнястрэльнай зброяй. Вета накладаецца і на паветраныя шарыкі, напоўненыя геліем, паколькі яны могуць уяўляць небяспеку для лятаючых верталётаў, якія будуць удзельнікамі шэсця. Затое кожны ахвотны можа ўстаць у адзін строй з ветэранамі Вялікай Айчыннай і прайсці ў святочнай калоне: ніякіх пропускаў для дэманстрантаў не прадугледжана.
Праезд па плошчы Перамогі асабістага транспарту падчас святочных мерапрыемстваў будзе забаронены, а грамадскі транспарт будзе рухацца з абмежаваннем прыпынкаў. Акрамя таго, аўтобусы і тралейбусы падчас шэсця і мітынгу будуць накіроўвацца ў абыход плошчы Перамогі.
Віцебская гарадская станцыя хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі накіруе да месцаў масавых мерапрыемстваў каля 20 машын, забяспечаных усім неабходным для аказання экстраннай дапамогі.-0-