Віцебскія мадэльеры адзення атрымалі тры ўзнагароды рэспубліканскага «Моднага сілуэта»

Прадстаўнікі нашай вобласці прывезлі са сталіцы 3 узнагароды конкурсу мадэльераў-дызайнераў адзення «Модны сілуэт», арганізаванага Міністэрствам гандлю Рэспублікі Беларусь. Усяго на суд журы было прадстаўлена 27 калекцый 24 фіналістаў рэгіянальных тураў. Спаборніцтва праходзіла ў трох намінацыях: «Pret-a-porter» (паўсядзённая мода), «Fasion design» (адзенне для подыумных паказаў) і «Беларускі касцюм і сучаснасць». Па выніках конкурсу ў першай з пералічаных намінацый II месца журы прысудзіла «Восеньскаму альянсу» Алены Талай (КУПБОН Аршанскага гарвыканкама).

У «Fasion design» зноў упэўнена заявіла пра сябе эксперыментальная лабараторыя ААТ «Віцебскі Рассвет»: у «Шматкроп'я» Вікторыі Крупскай – III месца (нагадаем, у мінулым годзе «рассветаўцы» выйгралі Гранпры).

«Нашы паказы вельмі цёпла сустракалі гледачы, — адзначыла начальнік аддзела арганізацыйна-вытворчай работы ўпраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва Віцебскай вобласці Алена Раева. – І заслуга ў гэтым не толькі мадэльераў, але і мадэляў. У прыватнасці, на славу папрацавалі дзеці, якія дэманстравалі аршанскую і верхнядзвінскую калекцыі. Кожны іх выхад быў адзначаны авацыяй!».

Нядзіўна, што прыз гледачовых сімпатый – таксама ў нашых землякоў. Яго па праву атрымала калекцыя «Шукаем рамонак» Таццяны Сыраватнікавай (ААТ «Верус» Верхнядзвінскага раёна).

Таццяна БОНДАРЕВА, ВР