Віцебскія вогнетушыцелі названы лепшымі на расійскай спецыялізаванай выставе
Віцебскае ЗАТ «Пожтэхніка» атрымала залаты медаль на спецыялізаванай выстаўцы ў Екацярынбургу.
«StopFire-2016» — маштабны праект, прысвечаны тэхналогіям, таварам і паслугам у галіне пажарнай бяспекі. Выстаўка праходзіла ў сталіцы уральскага рэгіёну 27 – 29 верасня. На ёй было прадстаўлена больш за 50 кампаній з розных гарадоў Расіі: Масквы, Самары, Санкт-Пецярбурга, Новасібірска і іншых. Былі сярод удзельнікаў і прадстаўнікі Віцебшчыны. Іх прадукцыя не засталася незаўважанай. Як патлумачыла начальнік рэкламна-інфармацыйнага аддзела прадпрыемства Алена Фаміна, ЗАТ «Пожтэхніка» ўручылі залаты медаль за інавацыйныя пераносныя хладанавыя вогнетушыцелі «Іней», модулі парашковага пажаратушэння «Міг А» і вогнетушыцелі з павышанай вогнетушачай здольнасцю АП-3(з)-110 «МІГ» (2А, 55В).
Але бліжэй пазнаёміцца з дасягненнямі і распрацоўкамі прыдзвінскай кампаніі маюць магчымасць не толькі расіяне. У Віцебску 11 кастрычніка адбудзецца міжнародная практычная канферэнцыя па пажарнай бяспецы, на якую запрошаны вядучыя прадпрыемствы Беларусі. Чакаецца, што ў ёй возьмуць удзел і прадстаўнікі Таджыкістана, паведаміла Алена Фаміна. У межах мерапрыемства, якое ЗАТ «Пожтэхніка» арганізуе пры падтрымцы абласнога ўпраўлення МНС, пройдзе прэзентацыя прадукцыі: спачатку гасцям пра яе раскажуць, а затым на адкрытай пляцоўцы яе магчымасці будуць прадэманстраваны на практыцы.
Лія Іўчанка, «Віцебскія весці».