Віцебскія оталарынголагі і фаніятры на «Славянскім базары» будуць працаваць у асаблівым рэжыме
8 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Семнаццаць часовых медыцынскіх пунктаў будуць працаваць у месцах пражывання гасцей і ўдзельнікаў фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Сцяпан Жукаў.
Медыкі будуць кругласутачна дзяжурыць і аказваць бясплатную неадкладную дапамогу ў гасцініцах, інтэрнатах, на базах адпачынку - ва ўсіх кропках, дзе размесцяцца госці. Здраўпункты цалкам аснашчаны ўсім неабходным для аказання першай дапамогі. Па словах Сцяпана Жукава, вучэнні медыкаў, якія завяршыліся напярэдадні, паказалі іх гатоўнасць рэагаваць на надзвычайныя сітуацыі любой складанасці.
Асаблівыя ўмовы працы будуць у оталарынголагаў і фаніятараў. Для артыстаў здаровыя горла і голас - залог поспеху, таму лепшыя віцебскія спецыялісты ў гэтай сферы з абласной бальніцы і цэнтральнай гарадской бальніцы будуць працаваць практычна ў кругласутачным рэжыме і пры першай неабходнасці прыйдуць на дапамогу. Дарэчы, звароты да іх - не такая ўжо і рэдкасць, дадаў суразмоўца.
Па словах Сцяпана Жукава, медыкі нават падрыхтаваліся да канцэрту групы "Любэ", які запланаваны 14 ліпеня. Як вядома, лідар групы Мікалай Растаргуеў нядаўна перанёс складаную аперацыю. Нягледзячы на тое, што да медыкаў пакуль ніякіх просьбаў не паступала, яны гатовы ў любую хвіліну аказаць яму кваліфікаваную дапамогу.-0-