Віцебскія цырульнікі ў Сусветны дзень прыгажосці сваіх першых і пяцідзесятых кліентаў пастрыгуць бясплатна
8 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Усе цырульні акцыянернага таварыства "Мір паслуг+" з горада Віцебска ў Сусветны дзень прыгажосці 9 верасня сваіх першых і пяцідзясятых кліентаў будуць абслугоўваць бясплатна, расказала карэспандэнту БЕЛТА начальнік дзяржаўнай установы "Упраўленне бытавога абслугоўвання насельніцтва Віцебскай вобласці" Паліна Судзілоўская.
А каб захаваць на памяць незямную прыгажосць, якую абяцаюць навесці цырульнікі, фотастудыі таксама бясплатна здымуць сваіх першых і пяцідзясятых наведвальнікаў.
Як адзначыла Паліна Судзілоўская, майстры нажніц упершыню такім прыемным для кліентаў чынам адзначаюць Сусветны дзень прыгажосці. Аднак бясплатнае абслугоўванне да святаў або прадастаўленне сістэмы скідак прадпрыемствы сістэмы службы побыту практыкуюць. Напрыклад, напярэдадні святкавання Дня Перамогі і Дня Незалежнасці Беларусі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны атрымліваюць магчымасць прывесці сябе ў парадак са зніжкай ад 20% да 70%, а ў Дзень маці - 14 кастрычніка, бясплатныя прычоскі могуць зрабіць шматдзетныя мамы.
Сусветны дзень прыгажосці быў заснаваны ў 1995 годзе Міжнародным камітэтам эстэтыкі і касметалогіі СІДЕСКА (CIDESCO - Comite International D'Esthetique Et De Cosmetologie) - галоўнай міжнароднай Асацыяцыяй тэрапіі прыгажосці ў свеце. 9 верасня асабліва цэніцца ўсё прыгожае і выдатнае, усё, што дастаўляе радасць вачам і душы.-0-