Віцебскія паштавікі на конкурсе прафесійнага майстэрства прызнаны лепшымі ў краіне
Напярэдадні восеньскага свята, Сусветнага дня пошты, РУП «Белпошта» штогод праводзіць Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства. Мэта штогадовага спаборніцтва — выявіць лепшых з лепшых, абмяняцца назапашанымі ведамі, прадэманстраваць свой эфектыўны паштовы і кіраўніцкі вопыт, павысіць прафесійны ўзровень і майстэрства паштовых работнікаў, прэстыж сваёй прафесіі і, вядома, умацаваць карпаратыўны дух у камандзе РУП «Белпошта».
На працягу трох дзён на базе адпачынку «Дружба» у Астрашыцкім гарадку за пераможны кубак і дыпломы лаўрэатаў змагаліся лепшыя майстры сваёй справы — начальнікі аддзяленняў паштовай сувязі, якія ўжо даказалі сваё майстэрства у раённых і абласных этапах конкурсу.
— Канкурэнцыя была вельмі высокая, бо конкурс сабраў самых годных прафесіяналаў. Наша каманда адказна рыхтавалася да спаборніцтва, дэталёва паўтарала закон аб паштовай сувязі, правілы аказання паслуг і тэхналогіі, рыхтавалі хатняе заданне, — падкрэсліла начальнік аддзела эксплуатацыі і бяспекі паштовай сувязі Таццяна Фірсава.
Пасля ўрачыстага адкрыцця конкурсу прагучаў гімн РУП «Белпошта», а сімвалам свята сталі белыя галубы, якія ўзняліся ў неба шукаць сваіх адрасатаў. У першы дзень кожнай камандзе неабходна было падрыхтаваць хатняе заданне з дэманстрацыяй фірмовага касцюма і камандную прэзентацыю на тэму «20-ы конкурс прафмайстэрства РУП «Белпошта». Таксама каманды прадэманстравалі гасцям і журы малыя архітэктурныя формы, вырабленыя камандамі ў рамках Года культуры і 20-годдзя конкурсу. У другі дзень спаборніцтваў канкурсанты праходзілі прафесійны тэст і дэманстравалі практычныя навыкі.
У выніку безгалосым пераможцам стаў калектыў Віцебскага філіяла. Таксама каманда заваявала граматы: «За невычарпальную актыўнасць і ініцыятыўнасць, праяўленую ў прадстаўленні каманды на тэму «Хуткасць, надзейнасць, даступнасць», «За моцны маркетынг і прафесіяналізм у продажах»,«За тэматычную і інфармацыйную насычанасць, праяўленую пры прэзентацыі дамашняга задання», «За творчы падыход і індывідуальнасць пры прэзентацыі дамашняга задання «Малыя архітэктурныя формы».
У асабістым заліку дружына Віцебшчыны таксама не ведала сабе роўных. Першае месца сярод начальнікаў гарадскіх аддзяленняў паштовай сувязі заняла начальнік аддзялення паштовай сувязі Віцебск-2 Вікторыя Акулава, якая стала абсалютным чэмпіёнам па колькасці ўзнагарод і званняў, уразіўшы журы сваім прафесіяналізмам і абаяльнасцю. Пераможца таксама атрымала званні «Лепшы знаўца паштовай справы» і «Лепшы майстар паштовай справы», апярэдзіўшы сваіх калег у тэарэтычнай і практычнай частках конкурсу. Лепшай сярод начальнікаў сельскіх аддзяленняў паштовай сувязі стала начальнік аддзялення паштовай сувязі Ветрына Полацкага раённага вузла Віцебскага філіяла Вольга Валынец. Намінацыя «За творчы падыход і артызм» скарылася начальніку аддзялення паштовай сувязі Наваполацк-9 Віцебскага філіяла Таццяне Карасёвай.
Дзмітрый СОБАЛЕЎСКІ, «Віцьбічы».