Віцебскія прадпрыемствы павінны больш гнутка рэагаваць на попыт і выпускаць запатрабаваную прадукцыю - А.Косінец

21 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцебскія прадпрыемствы павінны больш гнутка рэагаваць на попыт і выпускаць запатрабаваную прадукцыю. Аб гэтым заявіў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец сёння на 12-й пазачарговай сесіі Віцебскага гарсавета дэпутатаў, на якой быў зацверджаны новы старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах Аляксандра Косінца, ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу прадпрыемствы горада павінны стаць больш гнуткімі, перагледзець наменклатуру выпускаемых вырабаў з пункту гледжання іх запатрабаванасці, "выпускаць тое, што сёння патрэбна спажыўцу, а не працаваць на склад". "Акрамя таго, кіраўнікі прадпрыемстваў павінны шчыльна займацца развіццём дзелавых кантактаў, кантраляваць эфектыўнасць тавараправоднай сеткі, а аддзелы маркетынгу - актыўна шукаць новыя рынкі збыту", - падкрэсліў ён, дадаўшы, што пакуль галоўным сведчаннем слабай працы прадпрыемстваў Віцебска з'яўляюцца высокія аб'ёмы запасаў гатовай прадукцыі. "На сённяшні дзень пры заданні 50-60% сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці яны складаюць 132,7%, або Br240 млрд. у грашовым выражэнні. Пры гэтым найбольшыя запасы на складах адзначаюцца ў Віцебскага прыборабудаўнічага завода (441%), Віцебскага завода электравымяральных прыбораў (280%), Мяхавога камбіната (646%), ААТ "Маналіт" (583%) і на некаторых іншых прадпрыемствах горада", - канстатаваў кіраўнік вобласці. Старшыня Віцебскага аблвыканкама таксама адзначыў, што актывізацыя дзейнасці прадпрыемстваў станоўча адзаначаецца і на напаўненні бюджэту абласнога цэнтра, які на працягу апошніх гадоў заставаўся датацыйным. Так, за 2008 год гарадскі бюджэт за кошт сваіх прадпрыемстваў і арганізацый быў напоўнены ўсяго на 86%. 14% сродкаў прыйшлося накіраваць для яго запаўнення з бюджэту вобласці. Не лепшая сітуацыя складваецца і ў бягучым годзе. Па выніках работы за першы квартал даходная частка бюджэту горада выканана на 18,4% пры сярэднеабласным паказчыку 19,7%. Між тым, больш актыўна выкарыстоўваючы свой прамысловы патэнцыял, Віцебск можа абысціся без датацый з іншых крыніц, упэўнены Аляксандр Косінец.-0-