Віцебскія вытворцы падпісалі з расейцамі дамовы аб пастаўках на форуме ў Сочы
Дагаворы аб пастаўках прадукцыі на суму больш за 4,3 млрд расійскіх рублёў заключылі віцебскія вытворцы з расійскімі партнёрамі па выніках Другога Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі ў Сочы.
Аналізуючы сочынскі форум, які праходзіў у сярэдзіне верасня, можна адзначыць: у крызісныя для эканомікі часы суседзі гатовыя працягнуць адзін аднаму руку, а магчымасць узаемадзейнічаць непасрэдна на ўзроўні рэгіёнаў адкрывае шырокія магчымасці для супрацоўніцтва. У тым ліку і для Віцебшчыны, як паказваюць выніковыя лічбы. На форуме сярод дасягненняў беларускіх вытворцаў была прадстаўлена прадукцыя Аршанскага льнокамбіната, Верхнядзвінскага масласырзавода, абутковых прадпрыемстваў «Белвест» і «Марка», Віцебскага завода радыёдэталяў «Маналіт», якая зацікавіла расійскі бок. Уразіла і тэхналогія іх вытворчасці. Вынік – згаданыя вышэй дамоўленасці. Зрэшты, як адзначыў старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Святаслаў Зароўскі, справа не толькі ў кантрактах на пастаўкі прадукцыі, вельмі важна тое, што форум дапамог умацаваць дзелавыя кантакты.
– Сёння дагаворы куплі-продажу павінны суправаджацца вытворчай кааперацыяй беларускіх і расійскіх вытворцаў, стварэннем адзіных тэхналагічных ланцужкоў, у тым ліку пры вытворчасці найбольш канкурэнтаздольнай навукаёмістай прадукцыі, – лічыць Святаслаў Анатольевіч. – Менавіта таму форум быў надзвычай важным з пункту гледжання новых кантактаў з прадстаўнікамі органаў дзяржкіравання і кампаній. У тым ліку аддаленых рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, якія на сённяшні дзень уяўляюцца нам вельмі перспектыўнымі: гэта новыя рынкі збыту і новыя кааперацыі.
Вольга Маслоўская, «Віцебскія весці».