Віцебскія рачнікі першымі ў краіне адкрылі навігацыю
У Віцебску знаходзіцца адзін з дзесяці рачных партоў у Беларусі.
Чатыры прадпрыемствы, якія абслугоўваюць водныя шляхі на рэках Дняпро, Бярэзіна, Сож, Прыпяць, Заходняя Дзвіна, Нёман, Мухавец і на Дняпроўска-Бугскім канале, адкрываюць навігацыю звычайна зыходзячы з умоў надвор'я, а дату штогод усталёўвае Міністэрства транспарту і камунікацый.
Сёлеташняй вясной віцебскія рачнікі стартавалі раней за ўсіх. Праўда, баржы і цеплаходы пакуль стаяць на прыколе: з-за леташняй летняй засухі і практычна адсутнасці снегу і лядовага покрыва зімой, узровень вады ў Заходняй Дзвіне застаецца даволі нізкім.
Але, як паведаміў дырэктар філіяла "Віцебскаводтранс" РВЭСП "Дняпро-Бугскі водны шлях" Анатоль Леанов, ужо 5 сакавіка пачалася здабыча пяску. Больш за 10 тысяч тон яго выгрузілі на бераг у раёне Курына, і вось ужо тыдзень праца кіпіць у раёне Кукавячына - тут здабылі больш за 3 тысячы тон.
Заключаны дагаворы з кітайцамі, якія будуюць ГЭС пад Віцебскам. Спажыўцамі пяску будуць і многія будаўнічыя арганізацыі, асабліва вялікі аб'ём адгружаецца калектыву ДСК — па 8 тысяч тон штомесяц.
Наталля Драздова, "Віцьбічы"