Віцебскія самадзейныя артысты пашыраюць геаграфію замежных канцэртаў
1 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла – БЕЛТА/. Любіцельскія творчыя калектывы цэнтра культуры "Віцебск" пашыраюць геаграфію замежных выступленняў, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў цэнтры культуры.
Віцебскія самадзейныя артысты ўжо заваявалі сімпатыі гледачоў Латвіі, Германіі, Эстоніі, Польшчы, і цяпер адправіліся пакораць іспанскую і італьянскую публіку. Заслужаны аматарскі калектыў Беларусі народны ансамбль танца "Лявоніха" атрымаў запрашэнне адразу на два іспанскія фестывалі – XXVI Міжнародны фестываль фальклору ў правінцыі Тэруэль аўтаномнай вобласці Арагон і музычны фолкфестываль у правінцыі Сарагоса. Абодва фестывалі шырока вядомыя за межамі Іспаніі, і атрымаць запрашэнне для ўдзелу ў іх ганарова і вельмі няпроста. Арганізатары фестываляў старанна падыходзяць да выбару ўдзельнікаў і заўсёды праводзяць папярэдні прагляд відэаматэрыялаў з канцэртаў прэтэндэнтаў. Віцебская "Лявоніха" стала не проста ўдзельнікам фестываляў: яна прадставіць беларускія народныя танцы ў канцэртах адкрыцця і закрыцця і дасць сольныя канцэрты.
У Італію на Міжнародны фестываль-карнавал дзяцей і моладзі "Арфей у Італіі" адпраўляецца заслужаны аматарскі калектыў Беларусі харэаграфічны ансамбль "Зорка". Дарэчы, у 2008 годзе з перамогай з гэтага фестывалю вярнуліся юныя беларускія зорачкі Андрэй Кунец і Маша Новік.
Яшчэ адным калектывам, запатрабаваным у міжнародных праектах, стаў клуб гістарычнай рэканструкцыі "Варгенторн". Нядаўна яго ўдзельнікі вярнуліся з Польшчы з фестывалю раннясярэднявечнай культуры "Волін-Ёмсборг", а цяпер адправіліся ва Украіну на ІІІ Міжнародны фестываль культуры і гісторыі "Быліны Старажытнага Кіева".
Цэнтр культуры "Віцебск" дапамагае раскрыць творчы патэнцыял больш як 1,8 тыс. чалавек, з якіх 1,1 тыс. – дзеці. Усе яны з'яўляюцца членамі 48 клубаў, гурткоў, самадзейных калектываў, 20 з якіх носяць званне "народны". -0-