Віцебскія санітарныя ўрачы выпусцілі бясплатныя календары з рэкамендацыямі па прафілактыцы грыпу

27 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Санітарныя ўрачы Віцебска выдалі для гараджан бясплатныя календары на 2010 год з рэкамендацыямі па прафілактыцы прастудных захворванняў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Віцебскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Атрымаць календары можна ў аддзяленнях сувязі, саюздруку, праз распаўсюджвальнікаў і нават знайсці ў сябе ў паштовай скрыні. Кішэннае выданне з аднаго боку змяшчае каляндар на 2010 год, а з другога - вельмі актуальную ў цяперашні міжсезонны перыяд інфармацыю аб тым, як уберагчыся ад прастуды, ВРВІ і грыпу. "Трымайцеся на адлегласці ад хворых людзей, выконвайце "кашлявы" этыкет і часцей мыйце рукі!" - раяць эпідэміёлагі. Характэрна, што ўсе гэтыя правілы простыя і ўжо даўно вядомыя ўсім. Галоўнае, не забываць выконваць іх. А калі ўжо хвароба ўсё ж прыйшла, то лепшае ў такой сітуацыі - застацца дома і выклікаць урача. Аналагічны каляндар быў выдадзены і рэгіянальнымі цэнтрамі гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя вобласці, адзначылі спецыялісты. Па даных на 27 лістапада, у Віцебскай вобласці грыпам і ВРВІ захварэлі 104 тыс. 737 чалавек, у тым ліку 44 тыс. 203 дзіцяці, або 42,2%. Гаспіталізаваны 2 тыс. 863 чалавекі, з якіх каля 54% - дзеці. Вучэбны працэс прыпынены ў двух школах - у Шумілінскім і Лепельскім раёнах. Зніжэнне захворвання адзначаецца ў Оршы, Полацку і Наваполацку. Комплексныя планы мерапрыемстваў па барацьбе з грыпам і ВРВІ працягваюць дзейнічаць на тэрыторыі 16 адміністрацыйных адзінак вобласці.-0-