Віцебскія школьнікі атрымалі ў Маскве пераканаўчую перамогу на алімпіядзе па праграмаванні

Зноўку пераканаўчую перамогу ў Маскве на Адкрытай алімпіядзе па праграмаванні атрымалі віцебскія школьнікі, якіх рыхтуе настаўнік інфарматыкі гімназій №8 і №1 Вераніка Лакціна.

Выступіўшы на заключным этапе спаборніцтваў, яны ўвезлі ў родны Віцебск узнагарод больш, чым удзельнікі з іншых гарадоў Беларусі — Мінска, Гомеля, Мазыра, Лунінца. Вучні гімназіі №8 11-га класа Ілья Мядзянкоў і 10-га класа Артур Петухоўскі атрымалі залатыя медалі і дыпломы 1-й ступені. Вучань 11-га класа гімназіі №8 Ілья Якаўлеў быў узнагароджаны сярэбраным медалём і дыпломам 2-й ступені, вучаніца 11-га класа гімназіі №1 Марыя Ізабова — бронзавым і дыпломам 3-й ступені.

Як распавяла В. Лакціна, адкрытая алімпіяда — прэстыжныя спаборніцтвы, якія даюць права на льготы пры паступленні ў любы ВНУ Расіі, ім прысвоены першы (найвышэйшы) узровень. У завочным этапе ўдзельнічалі больш за паўтары тысячы школьнікаў, у вочным — 364 юных праграмісты з Расіі, Украіны, Беларусі, Румыніі, Казахстана, Грузіі, Балгарыі, Таджыкістана. Спаборніцтвы праходзілі ў два туры па 5 гадзін, за кожны трэба было напісаць па 4 праграмы для вырашэння пастаўленых задач. Віцябляне справіліся бліскуча, яшчэ раз пацвердзіўшы высокую рэпутацыю беларускіх праграмістаў, прызнаных ужо ва ўсім свеце.

Яўгенія ЯЎГЕНЬЕВА, «Віцьбічы».