Віцебскія школьнікі правялі сёння гарадскую дабрачынную акцыю «Дзеці – дзецям!»

1 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцебскія школьнікі правялі сёння гарадскую дабрачынную акцыю "Дзеці - дзецям!", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле адукацыі Віцебскага гарвыканкама. Спецыяльна да Міжнароднага дня абароны дзяцей навучэнцы ўсіх 47 агульнаадукацыйных школ абласнога цэнтра сабралі спартыўны інвентар, цацкі, канцылярскія тавары і іншыя прадметы для дзяцей з сем'яў, якія апынуліся ў сацыяльным прытулку Віцебскага гарадскога сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Урачыстая перадача падарункаў адбылася сёння ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Першамайскага раёна. Акцыі для дзяцей, якія знаходзяцца ў дамах дзіцяці і сацыяльных прытулках, усе школы горада праводзяць рэгулярна. Аднак несумненным лідарам у такой дзейнасці з'яўляецца гімназія №8. Школьнікі гэтай установы адукацыі штогод праводзяць дабрачынныя марафоны ў падтрымку дзяцей, якія маюць патрэбу, арганізуюць іншыя цікавыя акцыі, а сёлета ўжо паспелі адгукнуцца на заклік аб дапамозе дзіцяці-інваліду, якому неабходна было сабраць сродкі на лячэнне.-0-