Віцебскія школьнікі даведаюцца пра перавагі выкарыстання мірнага атому

6 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Інфармацыйная акцыя для дзяцей "Свет у тваіх руках", прысвечаная тэматыцы развіцця атамнай энергетыкі ў Беларусі, пройдзе ў Віцебску 7 красавіка. Яе ўдзельнікамі стануць школьнікі віцебскай гімназіі №1, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-цэнтры Дома прэсы. Навучэнцы даведаюцца аб перавагах выкарыстання мірнага атама для забеспячэння энергетычнай бяспекі краіны. Тэматычны урок-гутарку для іх правядуць спецыялісты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Аб'яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў "Сосны", а таксама Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Для ўдзельнікаў акцыі будзе арганізаваны паказ відэафільма "Магутны атам" аб рабоце Смаленскай АЭС. Акрамя таго, школьнікі змогуць выказаць сваё разуменне важнасці развіцця атамнай энергетыкі падчас правядзення конкурсаў эсэ "Энергія майго будучага" і дзіцячага малюнка-плаката "Сонейка ў дзіцячых далоньках", удзельнічаючы ў віктарынах "Атам, які пераўтварае жыццё" і "Як працуюць АЭС, ведаюць нават дзеці!". Пераможцаў чакаюць сюрпрызы і падарункі ад арганізатараў акцыі. Акцыя "Свет у тваіх руках!" стартавала ў 2008 годзе ў Дзень беларускага пісьменства. Яе задачай з'яўляецца тлумачэнне неабходнасці і мэтазгоднасці развіцця атамнай энергетыкі ў Беларусі. Удзельнікамі акцыі ўжо сталі школьнікі Барысава, Магілёва, Гродна, Астраўца і Брэста. Арганізатарам акцыі выступае Інфармацыйны цэнтр развіцця атамнай энергетыкі Рэспублікі Беларусь, арганізаваны на базе РУП "Міжнародны цэнтр інтэграцыйнай інфармацыі. Прэс-цэнтр Дома прэсы".-0-