Віцебскія швачкі атрымалі прапановы аб адкрыцці фірменных крамаў у Даўгаўпілсе
25 красавіка, Даўгаўпілс /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Адкрытае акцыянернае таварыства (ААТ) "Сцяг індустрыялізацыі" з Віцебска на бізнес-форуме "Дні Віцебскай вобласці ў Латгаліі" атрымала прапанову аб адкрыцці фірменнага магазіна ў Даўгаўпілсе, распавёў карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Станіслаў Свіркoўскі.
Віцебскае прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці жаночага і мужчынскага верхняга адзення: паліто, касцюмаў, плашчоў. На выстаўцы ў Даўгаўпілсе ААТ прадставіла калекцыю восень-зіма 2009-2010 года. Па словах суразмоўцы, патэнцыйным пакупнікам з Латгаліі спадабаліся ўсе прадстаўленыя ўзоры, і калі б яны прадаваліся, то іх раскупілі б за некалькі гадзін.
Прапанова аб адкрыцці фірменнага магазіна віцебскага прадпрыемства ў Даўгаўпілсе прагучала ад гарадской адміністрацыі і бізнесменаў. Размова ішла і аб магчымасці стварэння спецыялізаванай секцыі ў буціках. У найбліжэйшы час кіраўніцтва швейнай фабрыкі разгледзіць паступіўшыя камерцыйныя прапановы.
Дзелавыя прапановы аб супрацоўніцтве атрымаў яшчэ адзін удзельнік бізнес-форуму - закрытае акцыянернае таварыства "Аршанская прамыслова-гандлёвая фірма "Світанак". Асартымент верхняга дзіцячага адзення, прадстаўлены прадпрыемствам, карыстаўся павышаным попытам. Прадпрыемства таксама будзе разглядаць магчымасць стварэння тавараправодзячай сеткі ў Латвіі.
Бізнес-форум "Дні Віцебскай вобласці ў Латгаліі" завяршае сваю працу 25 красавіка. У ім прынялі ўдзел каля 70 прадпрыемстваў Віцебскай вобласці ад гігантаў ААТ "Нафтан", "Віцязь" да невялікіх прадпрыемстваў лёгкай і харчовай прамысловасці. Паміж пяццю рэгіёнамі Латвіі і пяццю раёнамі і гарадамі Віцебскай вобласці былі заключаны дагаворы і пагадненні аб супрацоўніцтве. Для латгальскіх сяброў Віцебская вобласць падрыхтавала святочны канцэрт, у якім прынялі ўдзел каля 300 самадзейных і прафесійных артыстаў. Зала Даўгаўпілскага палаца культуры ледзь здолела змясціць 1,5 тыс. гледачоў, якія горача прывіталі беларускіх артыстаў.-0-