Віцебскія сілавікі спаборнічалі ў фігурным ваджэнні
Падобныя спаборніцтвы сярод сілавікоў былі арганізаваны ўпершыню ў Беларусі і прайшлі на асфальтаванай пляцоўцы каля адной з крамаў у мікрараёне Білева. У спаборніцтвах прынялі ўдзел каманды УУС аблвыканкама, Дзяржаўтаінспекцыі, КДБ, пракуратуры, Дэпартамента аховы, МНС, 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады і воінскай часткі 97020. Таксама канкурэнцыю кіроўцам у пагонах склала зборная сродкаў масавай інфармацыі.
Спачатку ўдзельнікам трэба было паказаць тэарэтычныя веды, адказаўшы на пытанні па Правілах дарожнага руху. Затым журы ацаніла практычныя навыкі кіроўцаў. Ім трэба было выпісваць віражы на «змейцы», каб не зачапіць ніводнай фішкі, рухацца заднім ходам паміж перашкодамі, рэзка разварочвацца і выконваць шэраг іншых манеўраў на час.
У выніку перамогу ў агульным заліку атрымала каманда УДАІ УУС, другое месца дасталася зборнай КДБ, трэцяе — журналістам. Як распавёў на цырымоніі адкрыцця спаборніцтваў начальнік УУС аблвыканкама Ігар Яўсееў, падобныя старты павінны стаць традыцыйнымі і праходзіць у адкрытым фармаце, каб да сілавікоў далучыліся кіроўцы камунальных службаў, медыкі і г.д.
Алег Шведаў, "Віцебскія весці"