Віцебскія ратавальнікі ўшанавалі ветэранаў ВАВ напярэдадні Дня Перамогі
Анлайн з наступаючым святам – Днём Перамогі – ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Фёдара Філіпавіча Коннава павіншавалі кіраўніцтва абласнога ўпраўлення МНС і асабісты склад падраздзяленняў.
– Дзень Перамогі – самы галоўны дзень у годзе, – адзначыў начальнік абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Мялешкін. – Заўсёды трэба памятаць: без мінулага не было б сучаснасці. На жаль, цяпер спрабуюць змяніць тыя каштоўнасці, якія пераходзілі з пакалення ў пакаленне. Сёння важна іх перадаваць нашай моладзі. Мы павінны шанаваць і памятаць тое, што для нас зрабілі ветэраны. Нізкі паклон усім, хто вызваліў нашу радзіму, перанёс усе цяжкасці вайны, хто набліжаў перамогу, робячы ўсё магчымае і на фронце, і ў тыле. Жадаю, каб тыя страшныя эпізоды вайны заставаліся толькі ў памяці, гістарычных фільмах, якія паказваюць легендарнасць подзвігу нашага народа.

У знак памяці парадны разлік абласнога ўпраўлення МНС прайшоў урачыстым маршам па плошчы Перамогі. Удзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да Вечнага агню мемарыяльнага комплексу. Ахвотныя змаглі анлайн пагутарыць з ветэранам.
– Мы ўдзячныя вам за свабодную Беларусь, мір і блакітнае неба над галавой, – сказаў па відэасувязі Сяргей Мялешкін.
– З Днём Перамогі, таварышы, – адказаў Фёдар Коннаў. – Жадаю вам поспехаў у службе!
– Служым Рэспубліцы Беларусь! – прамовіў Сяргей Мялешкін.
Напярэдадні свята лепшыя работнікі падраздзяленняў абласнога ўпраўлення МНС атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды.
























